Алена Агарэлышава: Для мяне ўсё яшчэ пытанне, ці з’яўляюся я дыяспарай



Вось ужо паўтара гады як актывістка Алена Агарэлышава пераехала з Беларусі ў Чэхію. Спачатку планавала жыць на 2 краіны, але 2020 год усё змяніў і цяпер грамадская дзяячка не можа вярнуцца на радзіму пад пагрозай пераследу, – распавяла сама наша сённяшняя Госця Рацыі ў гутарцы з Алісай Поль:

– А з чаго пачалася гісторыя вашага пераезду ў Чэхію?

– Гэта быў верасень 2020 года, мы з маім мужам планавалі пераезд загадзя, таму што ён пераязджаў працаваць у кампанію, офіс якой знаходзіцца ў Празе. У мяне было шмат онлайн-праектаў, таму мне было не прынцыпова дзе жыць, але я планавала жыць на дзве краіны, часта ездзіць у Беларусь. Але верасень 2020 – шмат маіх калег пачалі затрымліваць і шмат грамадскіх актывістаў пачалі затрымліваць. Так сталася, што нават калі б мы не планавалі, так ці інакш мы б думалі пра ідэю пераезда.

Фота 34mag.net

– А чым Вы заняліся ў Чэхіі?

– Я не прывязана і мая актыўнасць не прывязана да краіны. У мяне ёсць дакументы, якія дазваляюць легальна працаваць у Чэхіі, але я пакуль што не шукала ў Чэхіі працу, таму што мне хапае той занятасці, якая ў мяне ёсць. З большага я займаюся тым жа, чым і займалася ў Беларусі – праводжу публічныя лекцыі на гендэрную тэматыку, раблю гендэрныя даследванні, раблю і кірую адукацыйнымі курсамі гендэрнай напраўленасці.

– Вы казалі, што падтрымліваеце сувязі з беларускай дыяспарай, наколькі моцныя сувязі і наколькі часта атрымоўваецца сустракацца?

– А вось што ёсць дыяспара? У чым філасофскі сэнс дыяспары? Калі я сустракаюся са сваімі беларускімі знаёмымі, ці то гэта сустрэча дыяспары з дыяспарай, ці проста сустрэчы са знаёмымі. Для мяне гэта ўсё яшчэ пытанне, ці з’яўляюся я дыяспарай, ці я сябе адношу, ці магу казаць ад імя дыяспары, калі выступаю. Тут ёсць мерапрыемствы, якія арганізоўваюцца ад імя дыяспары, на апошнім, якія я была – Каляды. Таксама дыяспара арганізоўвае „Піва ў пятніцу” – гэта раз на тыдзень ты можаш сустрэцца са сваімі землякамі ці сустрэча з паэтам, пісьменнікам ці палітыкам. Там адкрыты ўваход, куды можна прыходзіць, размаўляць і дзяліцца сваімі думкамі.

– Ці адбываецца ў Вас інтэграцыя ў чэшскае грамадства і ці ёсць у гэтым неабходнасць?

– Мне падаецца, што мая інтэграцыя адбываецца вельмі павольна, але яна адбываецца ў тым тэмпе, які мне камфортны. У мяне ёсць людзі, якія тут жывуць і карэнныя чэхі, з якімі я баўлю час, але гэта невялікая колькасць людзей і невялікая колькасць актыўнасцяў. Я ўсё яшчэ пачуваю сябе турысткай у Празе.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Алена Агарэлышава дадала, што пакуль магчымасці вярнуцца ў Беларусь яна ня бачыць. Таму разам з мужам будуе жыццё ў Чэхіі.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]