Алена Анісім: Будзем змагацца за захаванне арганізацыі



Працэс па ліквідацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ў Вярхоўным судзе працягнецца 28 верасня.

Старшыня арганізацыі Алена Анісім запрасіла час для знаёмства з пярэчаннямі Міністэрства юстыцыі на скаргу таварыства, гаворыць Алена Анісім:

– Я скарысталася сваім правам і заявіла вуснае хадайніцтва аб тым, каб нам далі дадатковы час на азнаямленне з гэтымі пярэчаннямі. Паколькі суддзя даволі прыхільна ставіцца ўвогуле, і ў тым ліку жорстка да працэдур, то яна, нягледзячы на пазіцыю Міністэрства юстыцыі і на пазіцыю пракурора, які быў за тое, каб працягваць паседжанне, яна ўсё ж такі дала нам час.

Паводле Алены Анісім, судовы працэс працягнецца 28 верасня аб 11-й гадзіне. І яны намераны ўпарта змагацца, цапляючыся за любую юрыдычную прававую магчымасць для захавання арганізацыі. Каб прадэманстраваць аматарам закрыць рот беларусам, што гэта не ўдасца нават пры адмоўным рашэнні суда.

Аліна Андрыевіч, Беларускае Радыё Рацыя