Алена Анісім падзякавала за падтрымку ТБМ
Сітуацыя з фінансаваннем ТБМ дастаткова стабільная. Пра гэта паведаміла старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.
Напрыканцы мінулага года яна выступіла са зваротам да грамадзкасці. У арганізацыі не хапала сродкаў на аплату офіснага памяшкання і камунальных паслугаў. Сума складала больш за 2000 рублёў:
– Дзякуй вам вялікі за ўсё, за падтрымку. Схіляю галаву перад журналістамі незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Атрымаўся вельмі вялікі розгалас. Я ўдзячна ўсім людзям, якія падтрымалі, і зараз яшчэ паступаюць. Мы дасылаем падзякі гэтым людзям, калі яны пазначаюць свой адрас, бо не ўсе пазначаюць.
Па словах Алены Анісім, у Таварыства беларускай мовы аптымістычныя планы. На бліжэйшай радзе напрыканцы студзеня будзе абмяркоўвацца заснаванне ўзнагароды ТБМ за пашырэнне беларускае мовы:
– Мы хацелі б адзначаць тых людзей, тыя ўстановы, тыя арганізацыі, як дзяржаўныя, так і камерцыйныя ды грамадскія, якія ў сваёй дзейнасці спрыяюць пашырэнню беларускай мовы.
“Мы маем падтрымку ва ўсіх слаях грамадства. І бачым перспектыву ў тым, каб супрацоўнічаць з рознымі бізнес-структурамі”, – дадае кіраўнічка ТБМ.
Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя