Алена Анісім: Рэакцыя ўладаў абсалютна неадэкватная



Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім распавяла пра тое, каму мыляць вока бел-чырвона-белыя сцягі.

Днямі стала вядома, што ў менскай кватэры міліцыя прыйшла да гаспадароў жылля і канфіскавала бел-чырвона-белыя шторы, якія, як быццам “парушаюць архітэктурнае рашэнне фасада будынка”.

У той жа дзень у Менску на вуліцы Гая бел-чырвона-белы сцяг знялі з балкона рабочыя, пакуль гаспадыні кватэры не было дома.

Алена Анісім: Усё гэта паказвае вялікую нервознасць уладаў, бо рэакцыя, шчыра кажучы, абсалютна неадэкватная. Людзі на сваёй тэрыторыі вешаюць тое, што ім падабаецца, дык чаму чыноўнік ці міліцыянер можа прыйсці і забраць тое, што яму не належыць? Ёсць нейкае рашэнне, пастанова суда? На якой падставе ўсё гэта робіцца?

Гэта паказвае на тое, што ўлада баіцца любой праявы свабоднай думкі. І асабліва непрыемна тое, што востра рэагуюць на праяву беларушчыны. Калі людзі вывешваюць бел-чырвона-белыя сцягі, гэта значыць, што чалавек выяўляе сябе патрыётам і адданым менавіта Беларусі.

Улада на здаровы розум павінна такіх людзей шанаваць, павінна быць салідарнасць. Але наадварот – кідаюцца на гэтыя сцягі, хаця ў іх няма на гэта ніякіх прававых падстаў.

РР: Тым больш, бел-чырвона-белы сцяг не забаронены…

Алена Анісім: Так, але калі яго забіраюць прама з кватэры чалавека, і гэта ўдвая абсурдна. Чалавек можа і амерыканскі сцяг павесіць у сваёй кватэры, і італьянскі. Што каму падабаецца. У мяне, можа быць, сукенка пашыта ў бел-чырвона-белых колерах, дык што, сукенку на вуліцы здымуць?

Гэта поўны абсурд, беззаконне і цемрашальства! Але гэта сведчыць пра тое, што ў галаве чыноўнікаў поўны калапс. Яны не могуць звесці адно з адным і не ведаюць, як рэагаваць на нелюбоў грамадства.

Убачылі свой сапраўдны рэйтынг, а ўся ўлада сканцэнтравалася вакол аднаго чалавека. І гэтая ўлада правісае, бо не мае сапраўды народнай падтрымкі. Гэта ўжо відавочна ўсім. І замест таго, каб разумна выйсці з гэтай сітуацыі, пачынаецца неадэкватная рэакцыя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]