Алена Анісім: Вынікі рэферэндуму ўлада скарыстала ў сваіх мэтах



Старшыня Таварыства беларускай мовы і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім распавяла, чаму падчас Перапісу насельніцтва вельмі важна назваць беларускую мову роднай.

“У 2019 годзе адбудзецца чарговы Перапіс насельніцтва нашай краіны, – звярнулася ТБМ да грамадзян краіны. – Адно з важных пытанняў датычыцца самаідэнтыфікацыі беларусаў і наўпрост звязанае з нацыянальнай бяспекай краіны. Гэта пытанне пра родную мову. Мы прапануем вам незалежна ад вашых палітычных і рэлігійных поглядаў, а таксама нацыянальнасці падчас правядзення Перапісу размаўляць з перапісчыкамі на беларускай мове, запаўняць апытальныя лісты на беларускай мове і пазначаць сваю родную мову так: беларуская. Тым самым вы засведчыце сваю прыналежнасць да гісторыі і культуры нашага народа, падтрымаеце беларускую мову і паспрыяеце ўмацаванню незалежнасці і нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”.

Алена Анісім: Напярэдадні перапісу мы заўсёды звяртаем увагу людзей на такое важнае пытанне, як пытанне роднай мовы. У свеце апошніх падзей, асабліва калі параўноўваць вынікі перапісу 1999 і 2009 гадоў, яны нас насцярожваюць, і мы бачым вялікую пагрозу ў тым, як людзі адказваюць на гэтае пытанне.

Беларуская мова зараз ігнаруецца рознымі дзяржаўнымі органамі менавіта як дзяржаўная. Мы не бачым роўнага прадстаўніцтва мовы ні ў заканадаўстве, ні ў сферы адукацыі, ні ў сферы інфармацыі. Таму, калі бачым нядобрыя тэндэнцыі, якія могуць прывесці да такіх наступстваў, як пагроза незалежнасці Беларусі, то і звярнулі ўвагу ўсіх грамадзян на гэтае пытанне. Яно будзе сфармулявана падчас перапісу такім чынам: “родная мова, засвоеная ў маленстве”. Але справа ў тым, што ў маленстве можа быць засвоена не адна мова, а некалькі. І адказы могуць быць таксама розныя. Таму заклікаем усіх грамадзян Беларусі, незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасці і палітычных поглядаў, выказацца падчас перапісу ў падтрымку беларускай мовы.  

РР: Некаторыя ў сацыяльных сетках даволі крытычна паставіліся да вашай ініцыятывы. Напрыклад, пішуць, што “штучна завышаць распаўсюджанасць беларускай мовы – значыць папросту хлусіць”. Маўляў, “па-беларуску трэба рэальна паўсядзённа размаўляць, а не для галачкі ў анкеце.

Алена Анісім: А тое, што сумнавядомы рэферэндум, які праводзіўся ў 90-я гады, падштурхнуў да таго, каб беларуская мова дыскрымінавалася, гэта нармальна? Вынікі таго рэферэндуму былі падведзены пад тое, што родная мова быццам бы нікому ў Беларусі не патрэбна. Тыя вынікі, калі людзі выказаліся даволі даверліва і шчыра, улада скарыстала зусім у іншых мэтах.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]