Алена Анісім: Зраблю прыпынак, калі стану прэзідэнтам



Зраблю прыпынак, як стану прэзідэнтам, сказала ў нашым эфіры Алена Анісім.

Нягледзячы на намаганні дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Стаўпецкай выбарчай акрузе № 70 Алены Анісім, улады адмовіліся пабудаваць чыгуначны прыпынак каля вёскі Савоні. Мясцовыя жыхары раней нават пагражалі перакрыць чыгунку, бо ўлады ігнаруюць іх звароты. Алена Анісім сама родам з вёскі Савоні і хацела дапамагчы землякам.

– Ну, адзінае, што я, безумоўна, зраблю гэты прыпынак, калі стану прэзідэнтам. Пакуль што іншых варыянтаў я не бачу. Практычна зрабіць нешта важнае для свайго кутка, для сваёй Малой Радзімы магчыма толькі тады, калі ты маеш доступ да бюджэтных сродкаў. Калі ты ўвасабляеш сабой народную ўладу, за табой стаяць проста выбаршчыкі, дамагчыся чаго-небудзь вельмі складана, асабліва, калі гэта звязана з фінансавымі сродкамі.

Дэпутат Алена Анісім, якая, дарэчы, заяўляе пра свой намер удзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах – атрымала шэраг адмоўных адказаў з розных уладных структураў. Сэнс лістоў аднолькавы — узводзіць прыпынак эканамічна немэтазгодна. Мясцовыя жыхары патрабавалі пабудаваць чыгуначны прыпынак каля вёскі Савоні на маршруце электрычкі Менск — Баранавічы.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя