Алена Гнаўк: Міліцыянты рыліся ў шафах і бялізне ды забралі аргтэхніку



Асуджаная па „карагоднай справе” у Берасці і за „абразу” грамадзяніна Лукашэнкі на тры гады дамашняй „хіміі” 64-гадовая жыхарка вёскі Ткачы, што ў Пружанскім раёне, Алена Гнаўк можа ў чарговы раз апынуцца на лаве падсудных. Ахоўнікі рэжыму не могуць дараваць жанчыне яе актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

Карэспандэнт нашага радыё Аліна Андрыевіч пагутарыла з „Госцем Рацыі” Аленай Гнаўк.

РР: Вы зараз на трохгадовай „хіміі”, але вас наведвае міліцыя і зноў „капаюць”?

– На сённяшні дзень у мяне дзве справы ў стадыі праверкі. Яны могуць закончыцца крымінальнай справай. Адна справа датычыць курдскіх уцекачоў, мы намагаліся выратаваць сям’ю з лесу. Гэта відэа трапіла ў сацсеткі і нарабіла розгаласу. Бо лічылася, што толькі польскія вайскоўцы ціснуць на гэтых уцекачоў, а нашы вайскоўцы добрыя, пухнатыя і дапамагаюць. Тут адкрылася гэтая праўда, калі збітых людзей, у закладнікаў трымалі цэлую сям’ю з дзесяці чалавек. Сярод іх было чацвёра дзяцей, двое маленькія груднічкі. Яны хуценька гэтую сям’ю знайшлі, выкінулі з лесу і дэпартавалі. Але ж ніякіх следчых дзеянняў у адносінах да іх не праводзілася. Мы „закідвалі” іх заявамі са сваёй сяброўкай Таццянай Ягоравай. Яны іх усё ж такі апыталі, каб людзі распавялі, бо людзей не проста збівалі, але і дапускалі больш жорсткі гвалт, напрыклад выкручвалі пальцы пласкагубцамі. Мы ўжо змірыліся, што ж могуць зрабіць дзве слабыя жанчыны. Тут бачым, што да Таццяны завіталі дахаты. Я ёй кажу: „Ты нічога не бойся”. Я ж пісала заявы, яна толькі кантактавала, бо ведае англійскую мову. Яна перадавала мне ўсю інфармацыю, а я ўжо пісала гэтыя афіцыйныя заявы. Яе ўзялі на допыт без сведкаў. Невядома было ў якасці каго яна там выступае. Тут бачу да мяне таксама „госці”. Я чытаю гэтую пастанову пра агляд, яны вельмі хітра зрабілі, начальнік міліцыі піша, што трэба зрабіць агляд. Пастанова візіруецца пракурорам. Што значыць агляд? Ты не маеш права лезці ў шафу, рыцца ў бялізне, бо гэта ўжо вобшук, я канешне пра гэта сказала. Ён выйшаў на вуліцу, доўга-доўга тэлефанаваў, казаў, што я не даю такога права. Ён прыйшоў і сказаў, што далі загад на правядзенне вобшуку.

РР: Але ж папераў на вобшук не было?

– Канешне, трэба каб людзі ведалі. Мы нічога не можам зрабіць, мы ж біцца з імі не будзем. Але ж калі яны даюць на подпіс паперу, то ў радку, дзе напісана „заўвагі”, трэба напісаць, што нязгодны, што пад выглядам агляду быў праведзены вобшук. У мяне рыліся ў шафах, у бялізне і гэтак далей ды забралі аргтэхніку. То бок гэта вельмі вялікае парушэнне. Але ж мы ведаем, што ў нас даўно ўжо закону няма. Мала за тое, яны ж мне і паперу гэтую не давалі. Я ўзялі і засунула яе ў кішэню. „Вы не маеце права, мы яе не даем!” Наш прадстаўнік з Пружан маўчаў, бо ён ведаў, што яны па закону павінны гэту паперу даць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Пакуль рыхтаваўся матэрыял, Алену Гнаўк затрымалі супрацоўнікі Пружанскага РАУС за два белыя пакеты і чырвоны шалік пасярэдзіне, павешаныя на плоце каля яе дома.

Беларускае Радыё Рацыя