Алена Гнаўк, падазраваная ў «вадамётнай справе», на волі



Пра гэта паведамілі валанцёры, якія сочаць за судамі ў Берасці. Сёння пенсіянерцы Алене Гнаўк прысудзілі 40 базавых велічынь штрафу за ўдзел у акцыі пратэсту 25 кастрычніка, але перад гэтым яна правяла амаль 72 гадзіны ў ізалятары. Таксама стала вядома, што Алена Гнаўк падазраваная па крымінальнай, «вадамётнай справе».

Актывісты непакоіліся ці не адвязуць яе назад у ІЧУ, але перажыванні не спраўдзіліся і пенсіянерка цяпер дома:

– Сябры! Я бязмежна вам удзячная за падтрымку. Я ганаруся вамі, мой любімы народ! Жыве Белларусь!

Алене Гнаўк — 63 гады і яна ўдзельніца пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў. За гэта яна неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 23.34 КоАП РБ. Стала шырока вядомай пасля затрымання 4 кастрычніка, калі па сеціве разляцелася відэа з песняй у яе выкананні з «аўтазаку».

Беларускае Радыё Рацыя