Алена Куваннікава: сына шукаюць невядомыя



Гарадзенскага актывіста Алеся Куваннікава, які быў адзіным страйкоўцам на тытунёвай фабрыцы, шукаюць невядомыя, якія прадстаўляюцца міліцыяй.

Да маці Аляксандра – Алены прыходзілі людзі ў чорных строях. Кажа Алена Куваннікава:

–  Прыйшлі два чалавекі позна ўвечары. Для мяне позна, пачатак адзінаццатага, таму што ў мяне адбой бывае ў 8-9. Абодва былі ў чорным, з налакотнікамі, з накаленнікамі. Адзін быў у звычайнай трапічнай масцы, другі  быў без маскі. Спыталіся імя і прозвішча, я пацвердзіла – так, Алена Куваннікава. Сын Аляксандр ваш? Я кажу: мой. Дзе ён? Я кажу, што яны даўно ўжо з’ехалі. Калі? 19 снежня.

Алена кажа, што гэтыя людзі прасілі кантакт сына, аднак яна адмовіла, таму што яны не прадставіліся:

–  Я кажу: а ў чым справа, навошта вы яго шукаеце? Мы не можам сказаць. Я кажу, дык што хочаце? Нам трэба яшчэ сёе-тое высветліць у яго. Я кажу, што яго  няма ў краіне, і ўвогуле вы разумееце ў які час вы прыйшлі, я ўжо спала. Яны кажуць, разумееце ў нас такая вось праца, мы – простая міліцыя. Хм, простая міліцыя – не паказалі ніякіх дакументаў. Яны проста задавалі пытанні. І я сказала, што тэлефона не дам, бо яны са мной інфармацыяй не дзеляцца.

Аляксандра Куваннікава, бацьку 4-х дзетак, і яго жонку неаднаразова затрымлівала міліцыя, і ён разам з сям’ёй быў вымушаны з’ехаць у Польшчу, дзе ўжо знайшоў працу. 

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: tut.by