Алена Луцковіч: Уладам не падабаецца абмеркаванне выбараў



Актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алена Луцковіч распавяла пра тое, што не збіраецца прызнаваць судовага рашэння, якое днямі вынес ёй суд Акцябрскага раёна.

Нагадаем, каля месяца таму былы кандыдат у Палату прадстаўнікоў праводзіла ў райцэнтры Акцябрскі Гомельскай вобласці вулічнае апытанне для свайго блога. Жанчына хацела пачуць меркаванне жыхароў пра выбары – наколькі яны празрыстыя і справядлівыя.

У выніку сярод звычайных грамадзян Алене сустрэліся і чыноўнікі з мясцовага райвыканкама, якія абурыліся “прыставаннямі”. На Алену Луцковіч быў складзены пратакол, а днямі суд Акцябрскага раёна разгледзеў гэтую справу і аштрафаваў актывістку на 345 рублёў.

Алена Луцковіч: Калі закончылі апытанне, прыехалі міліцыянты, якія заявілі, што на нас паскардзіліся за “прыставанні” грамадзяне. Узялі тлумачэнне, але нават не сказалі, што ўжо ідзе адміністратыўны працэс. Справу пазней перадалі ў суд, і на першым пасяджэнні высвятлілася, што на мяне “пакрыўдзіліся” чыноўнікі з мясцовага райвыканкама. Мне адвакат наогул сказаў, што ў маіх дзеяннях не было ніякага складу правапарушэння. На судзе прадаставілі як доказ гэтаму відэазапіс апытання. Размова некалькі секунд – гэта “назойлівае прыставанне”? Я была ўпэўнена, што наогул ніякага штрафа не будзе, але памылілася. Проста смешнае судовае рашэнне.

РР: Будзеце яго абскарджваць?

Алена Луцковіч: Безумоўна, падам касацыйную скаргу ў Гомельскі абласны суд.

РР: Апытанне праводзілі для свайго блога?

Алена Луцковіч: Так. Я збіраюся балатавацца ў мясцовыя Саветы, таму было цікава даведацца меркаванне людзей наконт празрыстасці выбараў. Хацелі размясціць апытанку ў блогу, каб народ мог абмяркоўваць выбары, уносіць свае прапановы. Гэта ж не сацыялагічнае апытанне праводзілі. Але, відаць, уладам не падабаецца абмеркаванне выбараў ні ў якім выглядзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя