Алена Маслюкова: Міністр паабяцаў разабрацца з гэтай праблемай



Шасцёра светлагорскіх актывістаў групы супраціву заводу беленай цэлюлозы сустрэліся з міністрам аховы прыроды і навакольнага асяроддзя Андрэем Худыкам. Ім удалося пранесці нават 6-літровую пасудзіну з вадой са зліву прадпрыемства ў раку Бярэзіну. Пасудзіну з вадкасцю актывіст Андрэй Смалянчук паставіў на стол перад міністрам. Прыйшлося яе здаць у лабараторыю, кажа сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Алена Маслюкова:

– Мы спадзяемся ўсё ж такі, што яны зробяць праўдзіва аналізы і выдадуць нам сапраўдную інфармацыю пра тое, што ўтрымлівалася ў гэтай вадзе.

Паводле Алены Маслюковай, ішла гаворка ў міністра пра ўтойванне інфармацыі. Падраздзяленні міністэрства парушаюць закон “Аб звароце грамадзян”. У выніку актывісты атрымліваюць на свае запыты і патрабаванні адны адпіскі, многія з якіх не маюць ніякай вартасці:

– Міністр сказаў, што ён будзе з гэтай праблемай разбірацца. Сказаў, што на ўсе нашыя пытанні адказы будуць пададзены ў пісьмовай форме, бо мы пакінулі і пісьмовыя заявы, каб нам адказы далі. І да таго ж ён яшчэ сказаў, што Гідраметцэнтр закупіў новы прыбор.

Гэты прыбор будзе вызначаць наяўнасць у паветры шкодных метылмеркаптанаў. Прыбор з’явіцца ў канцы лютага.

На думку Алены, у актывістаў склалася меркаванне, што Худык нічога не вырашае, проста сядзіць і слухае. Хаця зусім безвыніковай сустрэчу назваць нельга. Такія сустрэчы падштурхоўваюць чыноўнікаў да таго, што трэба нешта рабіць.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]