Алена Радзькова страціла працу за ўдзел у выбарчай кампаніі



Жыхарку Наваполацка, якая працавала ў інтэрнаце №3 прадпрыемства “Нафтан”, звольнілі пасля двух судоў штрафаў, дзе яе прызналі вінаватай за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

Першы раз Наваполацкі суд аштрафаваў яе за ўдзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага, другі штраф ёй прысудзілі за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую.  Што за адміністрацыйнае  правапарушэнне могуць звольніць, Алена Радзькова раней не магла нават падумаць:

– Калі людзі перавышаюць хуткасць ці яшчэ нешта такое, іх жа не звальняюць з працы. У мяне ў калектыве былі добрыя адносіны, я мусіла замяняць маю начальніцу на час яе адпачынку… І тут яна мяне выклікае, і кажа, што з ёй размаўляла служба бяспекі ААТ “Нафтан”, што мяне не толькі нельга ставіць кіраўніком, а трэба ўвогуле прыбраць з працы.

Штрафы, накладзеныя на яе Наваполацкім гарадскім судом, жанчына спрабавала аспрэчыць. Але Віцебскі абласны суд пакінуў рашэнні суду першай інстанцыі без зменаў  – як і іншым актывістам, якія былі аштрафаваныя падчас гэтай выбарчай кампаніі. Цяпер Алена Радзькова, стаўшы даверанай асобай Святланы Ціханоўскай, займаецца арганізацыяй агітацыйных пікетаў. Яе група ўжо аб’ехала шэраг малых гарадоў, гэта Вушачы, Шаркоўшчына, Паставы. Гэта займае практычна ўвесь вольны час, і Алена Радзькова натхняецца сустрэчамі з  рознымі людзьмі, якія спадзяюцца на перамены ў краіне. Новую працу яна спадзяецца знайсці ўжо ў іншай Беларусі – пасля 9-га жніўня.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск     

[manual_related_posts]