Алесь Бяляцкі і „Вясна” ўганараваныя міжнароднай прэміяй „За годны лад жыцця-2020”



У  Швецыі сёння былі агучаныя  лаўрэаты штогадовай прэміі „За годны лад жыцця-2020”. Сярод чатырох лаўрэатаў – беларускі праваабаронца, старшыня Праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесь Бяляцкі. 

Гэта вядомая міжнародная ўзнагарода, якую яшчэ называюць альтэрнатыўнай Нобелеўскай прэміяй. Ёй упершыню ўганараваны грамадзянін Беларусі. «Прэмія, якой  мяне ўганаравалі ў гэты драматычны для гісторыі Беларусі момант, з’яўляецца важнай падтрымкай для ўсяго беларускага грамадства,»- кажа Алесь Бяляцкі.

– Я, мае сябры і калегі, мы вельмі ганарымся тым, што гэтая прэмія была ўручана сёлета беларускаму праваабаронцу, нашай беларускай праваабарончай працы. І мы разумеем выдатна, што гэтая прэмія дадзена таксама ўсяму беларускаму грамадству, якое хоча зменаў. Гэта як знак пашаны да ўсяго беларускага грамадства, якое зараз змагаецца за дэмакратычныя змены ў Беларусі.

Прэмію „За годны лад жыцця» заснаваў у 1980 годзе журналіст  Якаба фон Юкскуль. Уручаецца штогод, „за дзейнасць над практычнымі і ўзорна-паказальнымі рашэннямі найбольш вострых праблем сучаснасці”. Міжнароднае журы прысуджае прэміі ў такіх галінах, як абарона навакольнага асяроддзя, правы чалавека, здароўе, адукацыя.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

Сёння, 1 кастрычніка, шведскі фонд “Right Livelihood Award Foundation” назваў лаўрэатаў штогадовай прэміі „За годны лад жыцця-2020”.

Сярод чатырох лаўрэатаў – беларускі праваабаронца, старшыня Праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесь Бяляцкі.

Гэта вядомая міжнародная ўзнагарода, якую яшчэ называюць альтэрнатыўнай нобелеўскай прэміяй. Ёй упершыню ўганараваны грамадзянін Беларусі.

Алесь Бяляцкі і сябры “Вясны” неаднаразова падвяргаліся пераследу з боку ўладаў за ахвярную праваабарончую дзейнасць. У 2011 годзе Алесь Бяляцкі  быў асуджаны на 4,5 гады пазбаўлення волі. Пад ціскам беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці ўлады былі вымушаны вызваліць Алеся датэрмінова летам 2014 года.

Сёння ў СІЗА №1 г. Менска знаходзіцца каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясны” – Марфа Рабкова. Яна абвінавачваецца ў “навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванні такой дзейнасці” (ч.3 арт. 293 Крымінальга кодэкса).

Каментуючы ўручэнне міжнароднай прэміі Алесь Бяляцкі сказаў:

– Прэмія, якой  мяне ўганаравалі ў гэты драматычны для гісторыі Беларусі момант, з’яўляецца важнай падтрымкай для ўсяго беларускага грамадства, якое сёння хоча дэмакратычных зменаў, якое дабіваецца, каб правы чалавека ў Беларусі шанаваліся і выконваліся.

Прэмія «За годны лад жыцця» (The Right Livelihood Award) – прэмія фонду Right Livelihood Award Foundation, заснаваная ў 1980 годзе журналістам Якабам фон Юкскуллем. Уручаецца штогод, звычайна 9 снежня, „за дзейнасць над практычнымі і ўзорна-паказальнымі рашэннямі найбольш вострых праблем сучаснасці”. Міжнароднае журы прысуджае прэміі ў такіх галінах, як абарона навакольнага асяроддзя, правы чалавека, здароўе, адукацыя.

spring96.org