Алесь Бяляцкі сустрэўся з праваабаронцамі з рэгёнаў і замежжа



Алесь Бяляцкі сустрэўся з калегамі-праваабаронцамі з замежжа і з прадстаўнікамі беларускіх рэгіёнаў праваабарончага цэнтра “Вясна”.

pravaabaroncy_sustrecha_IMG_3360

Праваабаронцы лічаць, што нечаканае датэрміновае вызваленне Алеся Бяляцкага адбылося, дзякуючы супольным намаганням замежных і айчынных арганізацый, кажа намеснік старшыні праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч:

– Мне здаецца, што вызваленне Алеся звязана найперш з досыць прынцыповай пазіцыяй Еўразвяза па пытанні вызвалення беларускіх палітвязняў, з тым міжнародным ціскам на беларускія ўлады, якія аказваліся ўсе гэтыя тры гады не толькі міждзяржаўнымі аб’яднаннямі, як Еўразвяз ці Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, але і нашымі калегамі, прадстаўнікамі міжнародных праваабарончых арганізацый. Ну і мы канешне, наша дзейнасць, сама арганізацыя, якая шмат у чым спрыяла.

Пытанне з палітычнымі вязнямі не знята з павесткі дня, кажа кіраўнік шведскай праваабарончай арганізацыі Ostgruppen Марцін Угла:

– Вызваленне Алеся Бяляцкага – гэта, канешне вялікая радасць. Мы будзем працягваць супрацоўнічаць. Трэба, каб вызвалілі ўсіх палітвязняў.

Алесь Бяляцкі быў вызвалены 21 чэрвеня – у дзень уступлення ў сілу Закона “Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Ён правёў у зняволенні 1052 дні.