Алесь Дзянісаў: Лукаш Сцепанюк пашыраў кола выканаўцаў, з якімі знаёміў на Радыё Рацыя



Лідар гурта „Дзецюкі” Алесь Дзянісаў у нашым эфіры ўзгадаў сваё знаёмства з журналістам і гукарэжысёрам Радыё Рацыя Лукашам Сцепанюком, які заўчасна пайшоў ад нас.

– Мы не былі з Лукашам блізкімі сябрамі, але гэта быў такі чалавек, з якім мы заўсёды абдымаліся, размаўлялі нават пра нейкія сямейныя справы. У яго нарадзіўсы сын, ён мне пра сына распавядаў, а я пра дачку. І канешне, гэты чалавек быў такі шчыры, адкрыты, які да сябе прыцягваў людзей і якому ты давяраў. Мы заўсёды былі адзін аднаму радыя, і таму ён мне запомніўся, як чалавек, які ўсміхаецца і з якім мы адбымаемся, размаўляем аб музыцы, аб нейкіх планах, пра сем’і.

– Ён жа сапраўды быў абазнаным ў беларускай музыцы, нават казаў, што шэраговы паляк ведае больш пра беларускую музыку больш, чым шэраговы беларус пра польскую. Нават стварыў сайт пра беларускую музыку, куды змяшчаў запісы, у тым ліку, якія сам рабіў з канцэртаў. Цябе ўразіла яго абазнанасць, ягоная зацікаўленасць беларускай культурай?

– Калі чалавеку падабаецца, чым ён займаецца, ён будзе абазнаным спецыялістам ў сваёй справе. Ён ведаў усе навінкі і паважаў старыя рэчы. Калі ўзгадаць наша супрцоўніцтва, то першае, што прыходзіць на памяць гэта тое, што ён праводзіў сваю перадачу „Шчаслівая 13” і ніколі нас, скажам так, не крыўдзіў і „Людзі на балоце” там, і „Дзецюкі” былі.

– А я вось задумаўся, а ці гэта не апошні такі беларускі хіт-парад? Ці ёсць нейкія аналагі ўнутры Беларусі, прынамсі?

– Калі так казаць, то ўжо ўсё развалена, разбурана. Ужо няма „Экспертаў”, няма „Тузіна” менавіта ў такім варыянце. І зараз гэтага ўсяго няма ўжо даўно. Фактычна можна сказаць, што „Шчаслівая 13” была апошнім з магікан. Ён пашыраў кола гуртоў, выканаўцаў, з якімі знаёміў на Радыё Рацыя.

Цалкам размову і песню Лукаша Сцепанюка можна паслухаць у далучаным аўдыёфайле:

Лукаш Сцепанюк быў звязаны з „Беларускім Радыё Рацыя” з самага пачатку яго існавання. Быў аўтарам музычных перадач на хвалях нашага радыё – „Сусветны хіт”, „Шчаслівая трынаццатка”. Вядомы нашым слухачам, як Dj zona. Яму было 44 гады. У яго засталіся жонка і сын.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]