Алесь Краўцэвіч: Лічу, у Беларусі павінна быць два святы Незалежнасці



25 жніўня 1991 году на пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савету Беларусі Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі нададзеная сіла канстытуцыйнага закона. Таксама ў гэты дзень была прыпыненая дзейнасць Камуністычнай партыі Беларусі. Сама Дэкларацыя была прынятая 27 ліпеня. Чаму ў беларусаў “не склалася” з такой важнай датай як 25 жніўня? На гэтае пытанне ў нашым эфіры адказаў гісторык, прафесар Алесь Краўцэвіч:

– Гэта цяжка сказаць, усё ж такі афіцыйна было да Лукашэнкі 27 ліпеня. Была такая дыскусія, калі святкаваць: ці калі была прынятая Дэкларацыя Незалежнасці, ці калі надазены гэтай Дэкларацыі статус закона? Я не маю думкі, наконт таго, якая дата важнейшая, але маю думку наконт таго, што няважная для гэтага дата 3 ліпеня.

Увогуле ж, на думку гісторыка, у Беларусі варта адзначаць два святы незалежнасці:

– 25 сакавіка – гэта Дэкларацыя Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзень Волі. Гэта даўняя традыцыя, пра яе ведаюць усе грамадзяне Беларусі, якія ўмеюць чытаць, не толькі вачыма, але і галавой нешта думаюць. І другая дата – можа быць як раз той дзень, калі Беларусь атрымала найноўшую незалежнасць, можна сказаць, аднаўленне незалежнасці. А ўжо гэта або 25 жніўня, або 27 ліпеня. Мне здаецца, што ўсё ж такі трэба 27 ліпеня, бо ўжо была нейкая традыцыя закладзена, некалькі гадоў святкавалі. І не трэба ўсё гэта мяшаць, перамешваць, адступаць, па новай прыдумляць, каб не мяшаць у галовах людзей.

25 жніўня 1991 году адбылося гістарычнае пасяджэнне Вярхоўнага Савета. Была абвешчана Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.  Дэпутаты апазіцыі Валянцін Голубеў, Зянон Пазняк і Галіна Сямдзянава ў залу, дзе ішла сесія, унеслі бел-чырвона-белы сцяг. За дзень да гэтай падзеі старшыня Вярхоўнага Савету Мікалай Дземянцей падаў у адстаўку, першым кіраўніком незалежнай Беларусі стаў Станіслаў Шушкевіч.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя