Алесь Мазанік: Дзякую беларусам за падтрымку



Цягам апошняга месяца Алеся Мазаніка, кіраўніка imbryk.by, актыўна падтрымалі беларусы.

Прадпрымальнік дзякуе ўсім за падтрымку:

– Я магу канстатаваць, што падтрымка сярод беларусаў сапраўды існуе, як у тых, хто знаходзіцца па-за межамі, так і ўнутры краіны. За гэтыя пару тыдняў ці трошкі болей, я пазнаёміўся са шматлікімі цікавымі людзьмі, якія рабілі замовы праз сайт, якія замаўлялі кнігі па Беларусі і не толькі. Хочацца выказаць ім падзяку за тое, што як вынік гэтага ўсяго, у снежні мая крама яшчэ будзе працаваць. Я маю аптымізм, што можа быць не толькі снежань.

Алесь канстатуе той факт, што ў студзені яго краме надалей будзе патрэбная падтрымка:

– Тая падтрымка, якая была мне аказаная, можа дапамагчы папрацаваць яшчэ ў снежні. Буду рыхтавацца да горшага, бо на жаль на сённяшні дзень яшчэ не ўсе пазыкі закрытыя, таму нешта больш-менш зразумелае можна будзе казаць толькі ў другой палове месяца.

Падтрымаць краму можна наступным чынам: 1) замовіць праз інтэрнэт-краму www.imbryk.by; 2) завітаць у Менску ў ГЦ „Купалаўскі” (пад Кастрычніцкай плошчай, павільён №37, час працы 11-19, +375-29-757-58-67); 3) картка Белгазпрамбанку 5299 2269 0058 7106 (11/22).

Беларускае Радыё Рацыя