Алесь Мазанік: Прашу падтрымкі ў беларусаў



Вядомы беларускі прадпрымальнік і арганізатар культурніцкіх імпрэзаў Алесь Мазанік працуе апошні месяц і таму звярнуўся праз сацыяльныя сеткі па дапамогу да ўсіх беларусаў.

– Да апошняга я імкнуўся нейкім чынам захоўваць сваю дзейнасць, бо акрамя непасрэдна гандлю і нейкага вось такога прыбытковага моманту існуе і іншы момант. Увесь час я ўдзельнічаў у культурніцкіх праектах, большасць з якіх былі зробленыя ўласнымі сродкамі. Гэта і дапамога курсам “Мова Нанова”, гэта і ўласныя курсы “Мова з імбрыкам”, гэта і бясплатныя пап-квіз гульні, з якімі я аб’ездзіў каля 20 гарадоў Беларусі.

Па словах гарадзенскага музыкі Алеся Дзянісава, супраца з Алесем Мазанікам была даволі цікавай:

– Імбрык бай, таксама як Эластэр, Сымбал бай ды іншыя падобныя ініцыятывы – яны вельмі важныя, таму што яны прапагандавалі беларускую матэрыяльную духоўную культуру. Можа, больш і матэрыяльную, але, напрыклад, з Імбрык бай я супрацоўнічаў. Яны выпускалі альбом, мой першы сольны альбом, пакуль што адзіны, на вершы Чобата “Кароткая гісторыя Беларусі”. Можна сказаць, што ў нейкім сэнсе гэта пераслед, але будзем спадзявацца, што проста Алесь Мазанік зменіць лакацыю і далей усё ў яго будзе добра.

Падтрымаць Алеся Мазаніка магчыма трыма спосабамі – зайсці на кропку і набыць нейкія рэчы, пакласці грошы на рахунак альбо замовіць нешта праз інтэрнэт-краму.

Беларускае Радыё Рацыя