Алесь Мех – на волі



Грамадскі актывіст з Кобрыні Алесь Мех выйшаў на волю пасля 7 сутак арышту. Яго сустракалі ля міліцыі сябры і паплечнікі з Кобрыні і Берасця, а таксама бацька Алеся, былы кіраўнік Кобрыньскай суполкі БНФ. Нягледзячы на свой “арыштанцкі” выгляд, Мех з сябрамі адразу паехаў у Кобрыньскі суд, кад падтрымаць журналістаў “Белсата” Мілану Харытонаву і Алеся Леўчука, якіх сёння павінны былі судзіць. Паводле Алеся Меха, на ўмовы сваёй адсідкі ён не скардзіцца:

– Маральна я быў падрыхтаваны. Пад ціскам гэтых уладаў я знаходжуся, напэўна, з 1998 года. Міліцыянты вялі сябе прыстойна. Умовы ўтрымання, напэўна, як і паўсюль. Я сядзеў у адзіночнай камеры. І камера, і калідор знаходзяцца пад відэанаглядам, кожны рух кантралюецца. Гуляў там сярод высокіх каменных муроў вышынёй 3-4 метры, таму сонца і не бачыў.

Алесь Мех адразу адмовіўся ад казённай ежы, прачытаў за 7 сутак больш, чым 1200 старонак. А кнігамі ў няволі сталі “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча і “Кароткая гісторыя Беларусі” Анатоля Тараса.

Абскардзіць рашэнне суда не паспеў. Тэрмін абскарджвання – 5 сутак пасля аб’яўлення прысуду.

Беларускае Радыё Рацыя