Алесь Мех: Улада баіцца гістарычнай праўды



Грамадскі актывіст з Кобрыны Алесь Мех распавядае, чаму ён збіраецца шукаць справядлівасць у ААН.

Нагадаем, што Алесь Мех быў пакараны штрафам за ўшанаванне памяці кіраўніка паўстання 1863-1864 гадоў Кастуся Каліноўскага. Спробы даказаць сваю невінаватасць не знайшлі падтрымкі ні ў адной судовай інстанцыі, куды звяртаўся спадар Мех.

Алесь Мех: Хаджу па судах больш за тры месяцы. Прайшоў раённы суд, прыйшла адмова на маю скаргу з абласнога суда. Пішуць, што мяне аштрафавалі на паўтары мільёны правільна. У пратаколе пазначана, што я хадзіў ад помніка да помніка ды ўскладаў кветкі. Вось і ўся крамола! Праўда, у судовай справе дапісалі, што прымаў удзел у мітынгу. У беларускіх судах ніякіх шанцаў знайсці праўду няма, але матэрыялы мы збіраем на будучыню. Трэба паказаць гэтым суддзям, якія мяне штрафавалі, што прыйдзе час, калі яны будуць трымаць адказ за свае справы. А зараз нічога іншага не застаецца, як рыхтаваць зварот у ААН.

РР: А што насамрэч крамольнага ў тым, што чалавек ускладае кветкі да помніка?

Алесь Мех: Калі я паказваю каму копію пратакола, дзе міліцыянты сведчаць, што я хадзіў ад помніка да помніка ды ўскладаў кветкі, то людзі і смяюцца, і за галаву хапаюцца. Не вераць, што такое можа быць у “прававой дзяржаве”. Але ж факт застаецца фактам. Такая абсурдная сітуацыя – беларуская рэальнасць. Калі ўлада штрафуе чалавека за тое, што ён ушаноўвае памяць нацыянальных герояў, то што гэта за ўлада?

РР: Навошта ўлада ідзе на такія абсурдныя крокі? Каго баіцца?

Алесь Мех: Яна баіцца гісторыі, гістарычнай праўды. Баіцца, што самі беларусы зразумеюць і вывучаць гісторыю. Бо тады з беларускага насельніцтва вырасце беларускі народ, у якога будзе свая гісторыя, свая культура, свая мова.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]