Алесь Пушкін: Нічога дрэннага не рабіў і падпісваць ніякіх прашэнняў не буду



Мастак катэгарычна адмовіўся прасіць пра памілаванне. Пра гэта «Салідарнасць» даведалася праз ягоную адвакатку.

Алесь Пушкін, які ўжо больш як паўгода ўтрымліваецца ў следчай турме ў Жодзіне, працягвае маляваць і вучыць сукамернікаў, а таксама працаваць над п’есай. 

Паводле яе слоў, Пушкін зноў пагаліў галаву (цікавая дэталь: амаль 200 год таму вялікі рускі паэт, ягоны цёзка, пасля цяжкай хваробы вымушаны быў зрабіць тое самае. — Рэд.), адчувае сябе добра і на здароўе не скардзіцца, толькі што адзначае, што ў Жодзіне холадна.

Мастак вельмі стараецца падбадзёрыць родных і піша лісты. Але перапіска апошнім часам ускладнілася, і ў абодва бакі цэнзары прапускаюць далёка не ўсю карэспандэнцыю, а некаторыя лісты даходзяць урыўкамі без пачатку або канца. — Ён вельмі ганарыцца сынам, які сёлета паступіў у медыцынскі ўніверсітэт, і задаволены, што ў таго ўсё добра. Таксама кожны раз перадае сям’і словы падтрымкі, — гаворыць адвакатка.

Акрамя таго, жонцы мастака Яніне стараюцца дапамагаць як сябры сям’і, так і валанцёры, і асуджаныя, якія асабіста ведаюць Алеся.

Нагадаем, Алеся Пушкіна абвінавачваюць у тым, што адна з яго карцін — партрэт антысавецкага падпольшчыка, выстаўлены ў Цэнтры гарадскога жыцця ў Гродна, нібыта парушае 130-ы артыкул Крымінальнага кодэксу («Распальванне нацыянальнай, расавай і іншай варожасці»). За «рэабілітацыю нацызму» мастаку і перформеру, якога праваабаронцы прызналі палітвязнем, пагражае ад 5 да 15 гадоў зняволення.

Пакуль пра дату суда над ім нічога невядома, чарговы дзень народзінаў Пушкін сустрэў за кратамі, а тэрмін знаходжання пад вартай працягнуты да канца лістапада.

Пры гэтым да Алеся звярталіся з прапановай напісаць заяву аб памілаванні, але ён катэгарычна нязгодны.

— Сказаў, што нічога дрэннага не рабіў і падпісваць ніякіх прашэнняў не будзе, — перадае словы мастака адвакатка.

Дарэчы, працы беларускага жывапісца-нонканфарміста разам з творамі яшчэ 27 мастакоў свету, многія з якіх таксама зазналі рэпрэсіі ў сваіх краінах, цяпер экспануюцца ў Цэнтры сучаснага мастацтва «Уяздоўскі замак» у Варшаве на выстаўцы Sztuka polityczna («Палітычнае мастацтва»), якая працуе з канца жніўня да сярэдзіны студзеня 2022 года. Таксама ў Варшаве працягваецца збор подпісаў пад зваротам да ўладаў Беларусі з патрабаваннем вызваліць Алеся Пушкіна.

Мастачка Руфіна Базлова прысвяціла Алесю Пушкіну сваю новую вышыўку з серыі «Гісторыя беларускай выжыванкі». На дадзены момант кошт працы, выстаўленай на дабрачынны аўкцыён, дасягнуў 500 еўра. Атрыманыя ад продажу сродкі будуць скіраваныя на падтрымку рэпрэсаваных беларускіх дзеячаў культуры. 

Ахвотныя асабіста падтрымаць мастака могуць дасылаць лісты і паштоўкі: Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Аляксандру Мікалаевічу Пушкіну.