Алесь Пушкін: Пад выявай пагоні я не Дон-Кіхот, а змагар-беларус!



Вядомы мастак Алесь Пушкін атрымаў са следчага камітэта Крупскага раёна, пасля амаль трох месяцаў чакання,  ліст-адмову на ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць старшыні Бобрскага сельсавета ды сельвыканкама Уладзіміра Загорскага.

Апошні сёлета, 25 сакавіка, на Дзень Волі, публічна разарваў скапіяваную творцам выяву герба  “Пагоня”, які афіцыйна з’яўляецца нацыянальна-гістарычнай каштоўнасцю краіны.

Пасля чаго навучаны “мысліць дзёрзка” былы ідэолаг Крупаўшчыны  даў каманду накіраваць на разбурэнне выставы самога мастака тры трактары па ўборцы смецця. Якім чакаецца працяг гісторыі?

Алесь Пушкін гутарыў з нашым журналістам, трымаючы ў руках ліст за подпісам раённага кіраўніка следчага камітэта, падпалкоўніка Рабовіча.

Алесь Пушкін: 25 сакавіка я, як ужо колькі год запар,  рабіў у Бабры персанальную выставу ,прысвечаную БНР.  Як заўжды, сядзелі назіральнікі з органаў, што нават не вылазілі з машыны. І толькі Уладзімір Аляксандрвіч Загорскі, беларус, бацька трох дзяцей, новапрызначаны – бо ў нас не выбіраюць – старшыня сельсавета і адначасова сельвыканкама вырашыў “адзначыцца”. Стварыў “вобраз” мастацтва, як непатрэбнага смецця, што трэба прыбраць трактарамі. На наступны дзень звярнуўся да спадара Дзмітрыя Макарэвіча,  пракурора Крупскага раёна, уручыў дыск з відэа таго, што адбылося. Праз пару дзён прыйшоў ліст, у якім паведамлялася, што справа перададзена ў следчы камітэт на ўзбуджэнне крымінальнай справы па “факту вандалізма і знявагу сімвала “Пагоня”. Заўважце, не маё азначэнне! Моўчкі чакаў вынікаў экспертызы пасля чэмпіянату свету па хакею. І  – нарэшце, аблом! Паводле экспертызы, праведзенай Міністэрствам культуры РБ ды падпісанай намеснікам міністра Васілём Чэрнікам, было “устаноўлена”, што “Пагоня” з’яўляецца “нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю”, а тая выява,, што зробленая  Пушкіным пад капірку з былога дзяржгерба – “не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю” . А значыць, справа прыкрытая і здаецца ў архіў…

Я папрасіў пракаментаваць сітуацыю сябра Беларускага Саюза мастакоў, геральдыста, спадара Уладзіміра Крукоўскага. Менавіта ён з пакойным цяпер мастаком Яўгенам Кулікам былі аўтарамі прынятага ў 1991 тагачасным Вярхоўным  Саветам герба “Пагоня”, што на наступныя чатыры гады стаў дзяржаўным.

Уладзімір Крукоўскі: Лагічна спытаць – а што ж з’яўляецца “гістарна-культурнай каштоўнасцю” ? Арыгіналы, якіх не засталося? Альбо, калі ісіці ўслед за “геральдыстам”  Чэрнікам, іх пісьмовае апісанне? Мы з Жэням таксама карысталіся копіямі, перамалёўкамі, тыражнай прадукцыяй, як у статуце ВКЛ. Галоўнае, каб былі акрэсленыя прыкметы, што зацверджаныя ў гістарычных дакументах. Гэта коннік на белым кані з узнятым мячом, са шчытом на левай руцэ, на якім абавязковы шасціканцовы крыж. Таму любая Пагоня, намаляваная рукой мастака, дзіцяці альбо прафесійнага геральдыста ёсьць тая самая “каштоўнасць”, за абразу яой наступае крымінальная адказнасць.  А ўсё астатняе, прабачце, прафесійны ідыятызм. Хоць я не выключаю, што таму ж самаму намесніку міністра падсунулі “падмахнуць паперу”. Тым больш, калі Пушкін намаляваў – “рабяты, тапчы, нішчы, катайся, як па смеццю!” А яшчэ за гэтым страх – атавістычны, як у людзей, што доўга жывуць у прыгнечаным стане, баяцца страціць пасаду.

Мне ўдалося звязацца са старшынём Бобрскага сельсавета Уладзімірам Загорскім. Дайце веры – нтэрв’ю з ім пацвердзіла тое, што сказаў спадар Крукоўскі.

Уладзімір Загорскі: Для мяне ўсё, што адбылося з Пушкіным, у далёкім мінулым. Жывем іншымі праблемамі, а не ўсякіх Дон-Кіхотаў.  Зараз модна стала зарабляць грошы на плошчах – ва Украіне і, аказваецца, ў нашым Бабры. Аляксандр Міхайлавіч, свайго, відаць, дамогся і матэрыяльныя даброты атрымаў.

РР: А як самі лічыце – ці не перагнулі палку з затаптаптваннем Пагоні ды “праходам”  трактароў па карцінах?

Уладзімір Загорскі: Сітуацыя падалася гарачай – я 19 год на дзяржслужбе. А тое, што Пушкін у стане вайсковых дзеяў са мной – яго права…

Наступныя словы Алеся Пушкіна з’явяцца, нібы, завочным адказам чыноўнікам.

Алесь Пушкін: Калі Загорскі не здолее пакаяцца, застанецца на дзяржаўнай працы пасля зробленага, зраблю адпаведныя высновы і я. Значыць, так па-наплявацельску ставіцца да сваёй гісторыі, мінулага, сымбаляў сучасная беларуская  дзяржава. Увогуле, прыйдзе час, мо і былы прэзідэнцкі “заўгас”Ціцянкоў будзе асуджаны за тое, што ірваў наш бел-чырвона-белы сцяг, смяяўся і ставіў свае злачынныя факсіміле на яго кавалках.  Мо і стары Загорскі некалі атрымае свой умоўны тэрмін. Сёння ж я яго хачу спытаць – чаму, па чыей наводцы,  на Дзень Волі так старанна выпіхваў мяне з краіны? Маўляў, прыяжджай пасля пагасцяваць сюды з Захаду.  Не дачакаецеся!  Я ў Бабры ўпершыню за 500 год існавання першы прафесійны мастак, які вярнуўся на малую Радзіму пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў. Не паехаў у Парыж, не папрсіў палітычнанга прытулку ў часе персанальных выставаў у Осла ды Стакгольме. А што да Пагоні, гэта мая грамадзянская пазіцыя.  Хачу паказаць, што ня гледзячы на 20 год татальнага лукашызма, засталіся людзі, верныя ідэалам 25 сакавіка і БНР, гербу Пагоня і бел-чырвона-беламу сцягу, матчынай мове. І якія чакаюць новага неба над новай краінай…

Бліжэйшымі днямі Алесь Пушкін думае падаць паперы ў пракуратуру на новы разгляд крымінальнай справы супраць старшыні сельвыканкама Загорскага. У якасці прэцэдэнта – дайсці да вышэйшых судовых інстанцый краіны.

Віталь Смыковіч, Беларуская  Радыё Рацыя