Алесь Рамановіч: Гэтай вайны ніхто не хоча



„Чым больш Расея грузне ва Украіне, тым больш узмацняецца прапаганда са спробаю апраўдаць дзеянні агрэсара”, – дзеліцца назіраннямі праваабаронца Алесь Рамановіч. Беларуская праўладная прэса транслюе расейскую пазіцыю ўжо не толькі на рэспубліканскім узроўні, як раней было, але і на ўзроўні раённых выданняў.

„На жаль гэта дае свае вынікі, але ўсё роўна, беларусаў яднае непрыманне вайны”, – кажа ён:

– Людзі падзеленыя. Некаторыя выказваюцца, што гэта Расея вінаватая, тым што ўварвалася ва Украіну. Некаторыя, напэўна наглядзеўшыся прапаганды, кажуць, што Расея праводзіць нейкую ваенную аперацыю, каб спыніць фашыстаў. Тут людзі раздзяляюцца, але ўсё ж такі агулам асуджаюць ваенныя дзеянні. Ніхто не хоча гэтай вайны, на чыім баку думкі людзей не былі – Расеі ці Украіны, гэтай вайны ніхто не хоча.

Суразмоўца ўпэўнены, што такая пазіцыя непрымання беларусамі вайны, як сродку вырашэння нейкіх пытанняў, не задавальняе Маскву. Таму інфармацыйны ціск будзе толькі расці.

Беларускае Радыё Рацыя