Алесь Смалянчук: Мой сцяг – як падтрымка пратэстнага настрою
У Гародні на балконе шматпавярховіка, дзе жыве прафесар гісторыі Алесь Смалянчук, з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг.
Прафесар вывесіў сцяг, каб паказаць сваё стаўленне да палітычнай сітуацыі:
– Гэтая выбарчая кампанія незвычайная, прынамсі за апошнія 10-ць год. Пратэстныя настроі вельмі моцныя, вельмі добра сябе адчуваеш на гэтых мітынгах, калі прыходзіць 10, 12, 13 тысяч чалавек. Вось гэта ідэя салідарнасці, яна вельмі важная для гэтых выбараў і для беларускай гісторыі наагул. Вывесіў сцяг таму, што як раз хачу і сваю пазіцыю пазначыць, і проста заклікаць неяк дэманстраваць сваю пазіцыю.
Па яго словах, простыя жыхары баяцца выказваць сваю пазіцыю:
– Думаю баяцца, страх безумоўна ёсць, застаецца. Публічная дэманстрацыя такіх сімвалаў павінна гэты страх разбавіць, аслабіць. Калі казаць пра настроі людзей, то настрой маіх сяброў, блізкіх, знаёмых. З аднаго боку расце жаданне пераменаў, з іншага боку расце дыстанцыя да гэтых прыгожых жанчын. Усё ж такі ў іх заявах не хапае такой беларускай нацыянальна-дзяржаўнай складовай. Ну а тое, што зараз робіць муж адной з актывістак пратэстнага руху Цапкала ў Кіеве і ў Маскве, выклікае не перасцярогу, а проста абурэнне.
На думку прафесара, пасля выбараў беларусаў чакае палітычны тэрор.
Беларускае Радыё Рацыя
