Алесь Яўдаха: Думаю, менавіта грамадская падтрымка вырашыла гэтую справу
27 лістапада спынены крымінальны пераслед усіх удзельнікаў справы «Белага легіёну». Матэрыялы справы перададзеныя ў пракуратуру. Пра гэта заявіў 30 лістапада кіраўнік СК Іван Наскевіч на прэс-канферэнцыі ў Магілёве. Карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя Стась Дэдэрка пагутарыў з адным з былых фігурантаў па гэтай справе Алесем Яўдахам.
РР: Асноўнае пытанне, якое ўзнікае ў сувязі з апошнімі навінамі, пра спыненне так званай справы “Белага легіёну”, што гэта ўвогуле было і дзеля чаго? Ці дамагліся сваіх мэтаў тыя, хто гэтую справу распачаў?
Алесь Яўдаха: Насамрэч мне невядома, што яны мелі на мэце і ці дасягнулі яе. Але калі казаць, пра запалохванне перад 25 сакавіком, то я думаю, дамагліся. Калі нешта іншае, то мне невядома.
РР: То бок хутчэй за ўсё у іх былі пралічаны ў планах гэтыя даты – пачаць справу перад Днём волі, а скончыць – перад самай зімой? Ці гэта вырашалася неяк стыхійна?
Алесь Яўдаха: На жаль, пра гэта ў мяне зусім няма ніякай інфармацыі. Можна толькі здагадвацца.
РР: Калі паводзіны фігурантаў гэтай справы былі б іншымі, напрыклад, калі б вы пачалі супрацу са следствам, ці былі б іншыя вынікі?
Алесь Яўдаха: У тым рэчышчы, у якім ад нас хацелі, то гэта былі б нагаворы, а не супраца. Тое, пра што ў мяне пыталіся, я ўсё распавядаў. У мяне не было ніякіх сакрэтаў ад следства.
РР: А сваю ролю адыграла тая грамадская хваля, якая ўзнялася, у тым ліку дзякуючы актыўнасці Ніны Шыдлоўскай? Гэта мела ўплыў на развіццё падзей?
Алесь Яўдаха: Я пэўны, што так, і думаю, адсоткаў на 90, дзякуючы менавіта грамадскай падтрымцы, якую арганізавала Ніна Шыдлоўская, справа скончылася так, як яна сапраўды скончылася.
РР: Ці адчувалі вы падтрымку, знаходзячыся пад арыштам? Колькі лістоў вы атрымалі?
Алесь Яўдаха: Канешне, адчуваў. Лістоў атрымаў можа недзе 350.
РР: Зараз многія пытаюцца ў фігурантаў справы наконт кампенсацыі. Зміцер Дашкевіч сказаў, што не будзе гэтым займацца. Якія планы ў вас?
Алесь Яўдаха: Пакуль я пра гэта не думаў. У мяне яшчэ няма ніякага дакументальнага пацверджання, што справа скончаная, мне цалкам не вярнулі рэчы, якія былі забраныя падчас ператрусу і арышту. Таму пра гэта яшчэ рана казаць.
РР: Чым вы займаецеся зараз? Ці паўплывала гэтая паўза ў на вашае жыццё? Ці працягваеце займацца кнігараспаўсюдам?
Алесь Яўдаха: Неяк паўплывала, але кардынальным чынам, то не. Працягваю займацца гэтым. І зараз працуем у ранейшым рэжыме, як мне здаецца.
Гутарыў Стась Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя.