Алесь Яўсеянка: Трэба пісаць на білбордах, каб зразумець, што тут Беларусь



26 гадоў таму, 25 жніўня 1991 года, Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі набыла статус канстытуцыйнага закона.

Дэкларацыя, якая абвясціла вяршэнства беларускай Канстытуцыі на тэрыторыі БССР, была прынятая Вярхоўным Саветам 27 ліпеня 1990 года. Статус закона дакумент атрымаў менавіта 25 жніўня 1991 года

„У 26-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларусь мае амаль столькі суверэнітэту, як расейскі Татарстан”, – так лічыць сябра Беларускага Нацыянальнага Кангрэса з Гомеля Алесь Яўсеянка.

– Калі б вось за гэтыя гады, што прайшлі, хаця б пакінулі на тым узроўні, што было зроблена пры Шушкевічы за год-паўтара. Было бачна, што мы жывём у Беларусі, і не трэба было пісаць, што я люблю Беларусь, я люблю Гомель на білбордах, каб паказаць, што гэта ўсё ж такі Беларусь. Таму што, калі гэта не пісаць, калі гэтых плакатаў не будзе, цяжка сказаць, у якой краіне жывем. Напэўна ў Татарстане болей свайго нацыянальнага ўбачым, чым тут, у незалежнай Беларусі, беларускага.

Гамяльчук Алесь Яўсеянка быў адным з кіраўнікоў гомельскага нефармальнага аб’яднання „Талака” ў другой палове 1980-х. Акрамя гэтага, ён быў першым старшынём Гомельскай абласной арганізацыі партыі Беларускі Народны Фронт.

Беларускае Радыё Рацыя