Аліна Нагорная: Для дзяцей важная наўпроставая камунікацыя па-беларуску



І без кавідных абмежаванняў, людзям беларускім, матываваным беларушчынай, не лёгка адчуваць паўнавартаснасць, паводле мовы зносінаў. Асобная тэма – выхаванне па-беларуску сваіх дзетак. Бо ж заўсёды суецца ў жыццё агрэсіўная і безальтэрнатыўная расейшчына. Але, альтэрнатывы ўсё больш. Пра гэта раскажа нашаму карэспандэнту, Якубу Сушынскаму госць Рацыі, практык адстойваць уласныя праавы ва ўмовах лінгвацыду Аліна Нагорная.

– Чарговы праект, у якім Вы прынялі ўдзел у якасці кансультанта і памочніка – на сайце „сойка” ўзнята тэма, як выхоўваць дзяцей па-беларуску, у чым вы дапамаглі арганізатарам праекта?

– Я распавяла, як пачаць размаўляць па-беларуску, таму што калі вы хочаце, каб дзеці пачалі размаўляць па-беларуску, то трэба пачынаць з сябе. Таксама распавяла, якія існуюць магчымасці даступныя для людзей, якія хочуць размаўляць па-беларуску ў сям’і, напрыклад, спасылкі на мульцікі, на кнігі, на аўдыёкніжкі і гэтак далей, распавяла, дзе гэта ўсё можна знайсці. Я лічу важным, што з’явіўся такі гайд, які ўвабраў усе парады.

Скрыншот з сайта

– А што ёсць у гайдзе і ці адрозніваецца ён ад сайта „дзеткі”, які меў такую ж мэтадычную задачу і быў зроблены 10 гадоў назад?

– Я не карысталася гэтым сайтам, бо 10 гадоў назад у мяне яшчэ не было дзіцяці. Магу толькі сказаць, што ёсць у нашым гайдзе. Напрыклад, у гайдзе можна знайсці інфармацыю дзе шукаць аднадумцаў, бо важна, калі вы пачынаеце размаўляць па-беларуску з дзецьмі адчуваць, што вы не адныя і таксама, каб было ў каго запытацца парадаў. Ёсць некаторыя беларускамоўныя суполкі ў Фэйсбук, ёсць беларускамоўныя набажэнствы, ёсць праект альтэрнатыўнай адукацыі, ёсць дзяржаўныя і недзяржаўныя школы і іншыя ўстановы адукацыі, ёсць установы, дзе розныя забавы, дзе можна сустрэцца з беларускамоўнымі бацькамі і куды можна прывесці дзяцей, каб яны пакамунікавалі на сваёй роднай мове. Гэта вельмі важна наўпроставая камунікацыя. Таксама ёсць тут артыкул замежжа, дзе можна пабачыць у розных краінах, што існуе па-беларуску для дзяцей. Гэта важна, таму што шмат хто вымушыны з’яжджаць і мне падабаецца, што гэты гайд ахоплівае і Беларусь, і замежжа. І вельмі важна, што ёсць спасылкі, напрыклад, дзе набыць кніжкі ці паслухаць аўдыёкнігі на беларускай мове. Я таксама распавяла, якія ёсць гульні і як гуляць у гульні па-беларуску.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]