Аліна Стэфановіч: Лісты ад Валянціна затрымліваюць



Жонка вядомага палітвязня, «вясноўца» Валянціна Стэфановіча Аліна за паўгода трымання мужа за кратамі вельмі сумуе, але распавядае пра тое, што ўдаецца перадаваць перадачы і лісты за краты.

Па яе словах, гэтым займаюцца яе родныя і родныя мужа :

– Магчымасць перадаваць перадачы ёсць. Гэтым займаецца нашая сям’я – сястра. Дзякуй Богу, ёй усё ўдаецца перадаваць, вядома, з таго, што дазволена. З гэтым праблем быццам бы няма. Але час ад часу праблемы здараюцца. Напрыклад, апошні ліст, які я атрымала, быў датаваны 4 студзеня. Я яго атрымала толькі 17-га на беларускі адрас. Таму, мне падаецца, што такія перапынкі ў два тыдні, гэта занадта.

Па словах Аліны, дзеці вельмі сумуюць з-за адсутнасці бацькі.

– Як дзеці без бацькі? Вядома, што дзеці заўсёды жылі ў поўнай сям’і, у іх заўсёды быў тата. Наш тата заўсёды вельмі прысутны. Нягледзячы на сваю занятасць, ён шмат увагі надаваў дзецям. Таму для дзяцей яго адсутнасць вельмі заўважная. Раз-пораз, калі ён дасылае нейкі малюнак, штосьці такое асабістае, напрыклад, для сярэдняй дачкі, то яе гэта моцна расстройвае.

Аліна з дзецьмі была вымушана пакінуць Беларусь і цяпер жыве ў аджарскім Батумі, дзе яна прымае актыўны ўдзел у справах беларускай дыяспары.

Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]