Аліна Стэфановіч: Муж даслаў доўгачаканы ліст



Пасля амаль месячнага перапынку жонка палітвязня Валянціна Стэфановіча – Аліна атрымала доўгачаканы ліст ад мужа.

Валянцін Стэфановіч знаходзіцца за кратамі з ліпеня 2021года, дзе ў апошні час хварэе:

– Я вельмі чакала гэтага ліста, таму што вельмі доўга не было лістоў. Мы ведалі, што ён хварэе, афіцыйны дыягназ вірусная пнеўманія. Мы цяпер ведаем, якія ў нас вірусныя пнеўманіі, таму вядома перажывалі. Лісты былі вельмі рэдкія ў адрозненні ад папярэдняга перыяду, калі ён пісаў шмат, гэта вельмі хвалявала. Папярэдні ліст я атрымала 27-га лістапада і вось да ўчорашняга дня фактычна не было ніякіх звестак ад яго асабіста. Таму я была вельмі рада атрымаць гэты ліст. Ён піша, што ён фактычна ўжо адчувае сябе добра.

Па яе словах, падчас хваробы муж знаходзіўся ў інфармацыйнай блакадзе:

– Спадзяецца, што яго перавядуць назад у камеру. Яму трошкі паднадакучыла ляжаць у медчастцы, хаця там было добра ў тым сэнсе, што там паветра свежае, ніхто не паліць. Гэта напэўна было карысна для ягоных лёгкіх і аднаўлення. Але піша, што было сумнавата і фактычна тры тыдні ён не атрымліваў зусім ніякіх навінаў. Як аказалася, хоць ім з медчасткі можна было пісаць лісты, але там лісты яны не атрымлівалі. Чамусьці іх не даносяць.

Да „вясноўца” Валянціна Стэфановіча ранкам 14 ліпеня 2021 года  прыйшлі з ператрусам, канфіскавалі ўсю тэхніку, а самога праваабаронца павезлі на допыт, пасля чаго змясцілі пад варту. Яму прад’яўлена абвінавачванне па двум артыкулам: арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, і арт. 243 Крымінальнага кодэкса — Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў.

Беларускае Радыё Рацыя