Аляксандр Баразенка: Упэўнены, прысуд напісаны, але мне яго яшчэ не паведамілі



Аператара тэлеканала Белсат з першай спробы не асудзілі. У судзе Першамайскага раёна Менска пачаўся працэс над Аляксандрам Баразенкам. Вёў паседжанне суддзя Дзмітрый Цыкл. Аляксандра Баразенку вінавацяць у парушэнні аўтарскіх і патэнтных правоў.

З Баразенкам пагутарыў Улад Грынеўскі.

РР: На пачатку раскажы, як ты стаў абвінавачаным па гэтай справе?

Аляксандр Баразенка: Справа пачалася пасля сакавіцкіх пратэстаў. 25 сакавіка, падчас здымкаў Дня волі, я быў затрыманы. Пазней асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. І падчас адбывання гэтага арышту, 31 сакавіка, да мяне прыйшлі супрацоўнікі Аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі пры Першамайскім РАУС, якія апісалі ўсю тэхніку, якая ў мяне была. На тэхніцы нейкім дзіўным чынам з’явіліся налепкі з лагатыпам Белсат.

РР: Ці можна ўдакладніць, дзе гэтыя налепкі з’явіліся? На мікрафоне?

Аляксандр Баразенка: Мікрафона ў мяне не было. У мяне была тэхніка менавіта відэааператара – відэакамера, святло накамернае, батарэйкі запасныя для камеры і для святла і пераносная кропка доступу, якая дазваляла відэафайлы адпраўляць у рэальным часе да рэдакцыі. Калі я пабачыў, што на відэакамеры з’явілася гэтая налепка, я зразумеў, што падрыхтаваная нейкая правакацыя для мяне супрацоўнікамі, якія гэтыя налепкі вешалі. Я сказаў пад пратакол, што ніякіх налепак на тэхніцы ў мяне не было. Але па выніку ўсю маю тэхніку канфіскавалі. Пазней, праз некалькі дзён, мне прыйшлі і паведамілі, што будзе ўзбуджана адміністрацыйная справа па іску спадара Белякова (які зарэгістраваў у Беларусі лагатып Белсату. – рэд.). І вось праз некалькі месяцаў быў падрыхтаваны пратакол пра тое, што я нібыта парушыў аўтарскія правы і сёння распачаўся суд.

РР: Калі былі ператрусы на офісе тэлеканала Белсат, там таксама некаторыя звярнулі ўвагу, што на кампутарах з’явіліся белсатаўскія налепкі. Там былі такія ж самыя налепкі, ці нейкія іншыя?

Аляксандр Баразенка: Так, так, тыя ж самыя налепкі. Выглядала, што ўся спецаперацыя была праведзена ў адзін і той жа дзень. Бо ператрусы на Белсаце былі тады ж, калі ў мяне скралі тэхніку. Хіба, каб не замарачвацца, гэтыя невядомыя мне асобы надрукавалі на паперы фармата А4 10-12 гэтых лагатыпаў, крывенька іх парэзалі, а потым ўжо панаклейвалі на маю тэхніку і на тэхніку, якая знаходзілася на офісе Белсат. Таму гэта ўсё працяг адной і той жа гісторыі. Гэтыя людзі, якія клеілі, нават не ведаюць, як гэтая тэхніка працуе, бо наклеілі налепкі на тыя часткі батарэек, якія непасрэдна ўстаўляюцца ў камеру, то бок іх налепка была б не бачная звонку.

РР: Як ты думаеш, чаму менавіта да цябе дачапіліся? Чаму менавіта ты трапіў у гэтую гісторыю?

Аляксандр Баразенка: Пачнем з таго, што гісторыя маіх адносінаў з органамі міліцыі ў Беларусі даволі доўгая. Я не першы год у іх у спісах. Гэта адно. Але ў прынцыпе я думаю, што была дадзеная каманда “фас”, і як раз у гэты момант было зручна, бо я знаходзіўся на Акрэсціна. Я фактычна быў для іх лёгкай, безабароннай мішэнню, таму што мяне можна было ў любы момант вывесці з камеры, пасадзіць  у клетку метр на метр у пакоі для допытаў на Акрэсціна, усяляк ціснуць, не дапускаць адвакатаў. Бо калі б гэта адбывалася ў той час, калі я знаходзіўся на свабодзе, то наўрад ці яны б мяне пабачылі бліжэй за 500 метраў да РАУСа без юрыдычнай дапамогі, без свайго адваката.

РР: Сёння я размаўляў з прэсавым сакратаром БАЖу Барысам Гарэцкім і ён сказаў, што ў яго склалася ўражанне, што суддзя рабіў выгляд, што ён хоча разабрацца ў гэтай сітуацыі, паколькі выклікаў дадатковых сведкаў. Якое ў цябе ўражанне ад сённяшняга суда?

Аляксандр Баразенка: Я шчыра не ведаю, што кіравала суддзём, калі ён выклікаў гэтых сведкаў. Іхнія словы перададзеныя ў пратаколах допытаў, перададзеныя больш менш карэктна. Яны там кажуць, што я быў здзіўлены, пабачыўшы гэтыя налепкі, што я пратэставаў. Людзі, якія там былі панятымі, бываюць на Акрэсціна досыць часта, і я не ўпэўнены, што 9-га яны з’явяцца ў судзе. Хіба прычына выкліку ў іншым, магчыма спрабуюць вывернуць гэтую справу, каб яна выглядала не такім цыркам. Таму ўзялі нейкі тайм-аўт. Але я ўпэўнены, што прысуд напісаны, напісаны не суддзём, але проста мне яшчэ не паведамілі, які ён.

Цалкам гутарка:

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя