Аляксандр Бухвостаў: Страхаванне ад беспрацоўя – вартая справа



“Але абсалютна невядома, як гэтая сістэма будзе працаваць у Беларусі”, – кажа прафсаюзны актывіст Аляксандр Бухвостаў.

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны выступіла з прапановай увесці ў Беларусі страхаванне ад беспрацоўя. Плануецца, што чалавек, які застаўся без працы, можа на працягу паўгода разлічваць на выплаты ў памеры 60 адсоткаў яго сярэдняга заробку на апошнім працоўным месцы.

Страхаванне ад беспрацоўя хочуць зрабіць абавязковым, але атрымліваць дапамогу змогуць толькі тыя, хто зарэгістраваўся ў службе занятасці.

Аляксандр Бухвостаў: Страхаванне ад беспрацоўя ёсць у многіх краінах, гэта вартая справа. У той жа Швецыі, напрыклад, у стварэнні страховага фонда ўдзельнічае дзяржава і прафсаюзы, і людзі могуць адтуль атрымліваць дапамогу па беспрацоўі. Натуральна, там дапамога не такая, як у нас, яна значна большая. Але выплаты дыферэнцыраваныя. Першы перыяд беспрацоўныя шведы атрымліваюць 80 адсоткаў ад заробку, даецца час на перападрыхтоўку, асваенне новых прафесій. Там барацьбы з беспрацоўем – гэта сістэма.  

РР: У Беларусі такой сістэмы няма?

Аляксандр Бухвостаў: Дзе ж яна ёсць? Хаця рашэнне ўвесці страхаванне ад беспрацоўя – гэта правільны крок. Іншая справа, што абсалютна невядома, як гэта ўсё будзе ў Беларусі ажыццяўляцца. Трэба, каб у працэсе ўдзельнічалі таксама ўсе – і дзяржава, і прафсаюзы. Павінна быць спецыяльнае фінасаванне фонда па страхаванні. Калі чалавек згубіў працу, трэба даць яму праз суадносныя інстытуты знайсці новую працу. І, каб цэнтры занятасці працавалі па-сучаснаму, а не так, як зараз – піхні-павалюся. Цэнтры на самай справе не вырашаюць праблему беспрацоўя. Людзі туды прыходзяць і не могуць знайсці нармальную працу. Асабліва ў рэгіёнах.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя