Аляксандр Кабанаў: Хтосьці вырашыў, што плошча не належыць людзям



Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, блогер Аляксандр Кабанаў абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемствае паўторна на працягу года і пакараны судом Бярозаўскага раёна штрафам у 40 базавых велічынь.

Вёў працэс старшыня суда Вадзім Мазоль. Сведкамі супраць Кабанава выступілі ўчастковыя Ленінскага РАУС Берасця Барыс Дзмітрук і Андрэй Іваніцкі. Кажа Барыс Дзмітрук:

– Людзі выказвалі сваё меркаванне, выконвалі песню пад музыку, крычалі: „Не заводу!”, пляскалі ў далоні. Гэта было расцэнена, як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

Паводле Аляксандра Кабанава, ніякага пікета не было, бо не было плакатаў, заклікаў, не было выступоўцаў. Людзі проста абмяркоўвалі праблемы. Адна з якіх самая галоўная – будаўніцтва шкоднага прадпрыемства – акумулятарнага завода пад Берасцем:

– Хтосьці наверсе вырашыў, што плошча не належыць людзям, што людзі не маюць права выказваць сваё меркаванне, што мы ў гэтай краіне ніхто. Людзі патрэбныя толькі ў якасці масоўкі на выбарах, больш не для чаго не патрэбныя. Таксама канешне, каб працаваць і плаціць у бюджэт грошы.

Сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржук Русецкі лічыць рашэнне суда неправамерным. Ён згодзен з абаронцам Кабанава Паўлам Алесікам, што нельга назваць масавым мерапрыемствам кармленне галубоў, спяванне песень і размовы людзей на гарадской плошчы. Русецкі лічыць, што ў памер штрафу не ўлічаны амаль трохсуткавы беспадстаўны арышт Кабанава.

Аляксандр Кабанаў будзе абскарджваць рашэнне Бярозаўскага суда. Не выключае звароту ў Камітэт па правах чалавека ААН, бо не верыць, што знойдзе справядлівасць у беларускіх судах.

Беларускае Радыё Рацыя