Аляксандр Кабанаў: Тут была калыханка супакойваючая
У Берасці працягваецца супрацьстаянне праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода з прадстаўнікамі кампаніі „IPOWER”. Гэтым разам мясцовыя ўлады ініцыявалі сустрэчу з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, каб адказаць на пытанні журналістаў адносна завода. Што праўда, пускалі на канферэнцыю не ўсіх карэспандэнтаў і блогераў.
Сваімі ўражаннямі падзяліўся грамадскі актывіст Аляксандр Кабанаў:
– Нас на сустрэчу не пускалі, пакуль я не сустрэў Аляксандра Сцяпанавіча Рагачука, не падышоў да яго і не звярнуўся асабіста, мяне не пускалі. Ён ужо даў распараджэнне, каб мяне пусцілі. Першапачаткова былі не гатовыя адказваць на нашы пытанні. У мяне быў падрыхтаваны вялікі шэраг пытанняў. Асноўныя пытанні, якія былі ад дзярж СМІ, гэта была „вада”, ніякай канкрэтыкі, вострых пытанняў, якія хвалююць людзей непасрэдна, пастаўлена не было. Мы сюды прыйшлі задаваць пытанні, якія якраз непакояць людзей. Тут была калыханка супакойваючая „баю-баюшкі” ўсё нармальна ў нас. У мяне ўсе пытанні задаць не атрымалася, бо не было магчымасці. На частку пытанняў, якія я задаў, я задаволены адказам.
На прэс-канферэнцыі прысутнічалі прадстаўнікі Свабоднай эканамічнай зоны (СЭЗ) „Берасце”, кіраўніцтва раёна і горада, профільных міністэрстваў, кампаніі „IPOWER”, ініцыятыўнай групы, якая выступае супраць будаўніцтва.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота аўтара
