Аляксандр Краўчук: Адны адпіскі і хлусня ад чыноўнікаў



Аграном сельгаспрадпрыемства “БіссолаГабрыелеФарм” параіў інваліду 2 групы без нагі Аляксандру Краўчуку з вёскі Дзевяткі Кобрынскага раёна выносіць смецце да смеццевоза ад яго хутара на галоўную дарогу, а гэта каля кіламетра. Прычына такой прапановы – размытая дарога да хутара праз поле “БіссолаГабрыелеФарм”, за якасць якой адказвае прадпрыемства па ўказанні абласнога і раённага начальства.

Нядаўняя падсыпка дарогі чарназёмам аказалася рамонтам на гадзіну. Пайшлі дажджы – вярнуліся праблемы: ні праехаць, ні прайсці. Але і да старшыні аблвыканкама Анатоля Ліса больш не дастукацца:

– Добрай раніцы. Прамая тэлефонная лінія. Слухаю вас.

Аляксандр Краўчук: Добры дзень, маё прозвішча Краўчук. Злучыце мяне, калі ласка, са старшынёй аблвыканкама.

– Аляксандр Андрэевіч, вам патлумачылі адносна дарогі…

Аляксандр Краўчук: Я ўжо праехаць не магу. Мне ўжо сказалі смецце за кіламетр адносіць.

– Ёсць дамова, згодна з якой вашая дарога будзе патрымлівацца ў належным стане.

Аляксандр Краўчук: Яна не патрымліваецца. Мне ўжо сказалі смецце вывозіць за кіламетр… Вы не маеце права зняць мяне з лініі. Я патрабую, каб мяне з ім злучылі.

– Аляксандр Андрэевіч, я вам патлумачыла, да пабачэння.

Паводле Аляксандра Краўчука, адны адпіскі і хлусня ад чыноўнікаў. Імітацыя працы і абыякавасць да інвалідаў.

Два гады Краўчук змагаецца за ўпарадкаванне невялікага адрэзка дарогі да свайго дома. Былы старшыня райвыканкама Аляксандр Зязюля ў траўні адпісаўся на „гарачую лінію” „Савецкай Беларусі”: дарога ўнутрыгаспадарчага праезду і Краўчук павінен парамантаваць яе за асабістыя сродкі. Але дарога праз чужое поле не можа быць унутрыгаспадарчай.

Беларускае Радыё Рацыя