Аляксандр Краўчук: Качанава прыём правяла, але ўжо без нас



Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава правяла ўсё-такі прыём грамадзян. Толькі прыём адбыўся незапланаваны – 30 сакавіка. Але ўжо без тых, хто прыязджаў з сваімі бедамі на дзень раней, кажа інвалід 2 групы Аляксандр Краўчук з Кобрыня:

– Каб хоць неяк захаваць твар пасля надрукаванага на сайце Радыё Рацыя матэрыяла пра адносіны да людзей у Адміністрацыі прэзідэнта, Качанава тэрмінова правяла прыём 30 сакавіка, пра які нідзе не было афіцыйна паведамлена. Інцыдэнт, які адбыўся 29 сакавіка са мной і яшчэ недзе з 30 людзьмі ў Адміністрацыі прэзідэнта ў дзень прыёма Наталлі Качанавай, нельга назваць інакш як бесчалавечным і цынічным.

Паводле Аляксандра Краўчука, Качанава добра ведае, што едуць у Адміністрацыю людзі ад адчаю, якія на месцы не могуць вырашыць свае праблемы. А яму, чалавеку з моцна абмежаванымі магчымасцямі, удвайне цяжка было дабрацца ў сталіцу, калі да яго дома ні пад’ехаць, ні падыйсці. Краўчук намераны запатрабаваць у Адміністрацыі вярнуць дарожныя выдаткі і вырашыць яго праблемы, каб можна было проста жыць.

Беларускае Радыё Рацыя