Аляксандр Лукашук: Я бы сказаў, што тыражыраваць прапагандыстаў не варта



Дырэктар Беларускае службы «Радыё Свабода» Аляксандр Лукашук стаў госцем у эфіры нашага радыё, дзе паразмаўляў са Стасем Дэдэркам пра незалежныя медыя ў выгнанні, прапагандыстаў і пра сваё здзіўленне, наколькі беларусы выдатна фармулююць свае каштоўнасці.

– Гэта самы цяжкі час за ўвесь перыяд існавання „Свабоды” з траўня 1954 года. Ніколі такога года, а ўжо больш чым год, у гісторыі не было. А я нагадаю, што наш калега Ігар Лосік быў арыштаваны ў чэрвені 2020 года, неўзабаве будзе 500 дзён, як ён знаходзіцца ў турме. Многія журналісты, якія выехалі альбо застаюцца ў Беларусі, перасталі падпісваць свае матэрыялы, адбылася такая ананімізацыя. І вось тут, як не дзіўна, працягвае працаваць аўтарытэт рэдакцый, калі людзі давяраюць Радыё Рацыя, ці Еўрапейскаму радыё, ці BBC, аказваецца, што прозвішча канкрэтнага аўтара не падрывае аўтарытэт.

– Я памятаю стрымы, якія штодня ў жніўні і ўвосень 2020 ладзілі супрацоўнікі „Радыё Свабода”, якую ролю сыгралі прамыя ўключэнні і дэманстрацыя падзеяў так, як яны былі?

– Вы задалі пытанне, якое сабе задаваў Аляксандр Лукашэнка, старшыня КДБ, міністр інфармацыі, міністр унутраных спраў. Іх ацэнка была адназначная – усё, што адбываецца на вуліцах, усё было арганізавана гэтымі стрымамі, гэтымі журналістамі, менавіта яны вінаватыя ў тым, што было. Калі неверагодны 2020 здарыўся, калі яшчэ да галасавання тысячы людзей пачалі аддаваць свае подпісы, усё, што трэба было зрабіць журналісту – даць людзям платформу і падысці з мікрафонам. Я быў уражаны, як аказалася, людзі ўмеюць гаварыць: яны выдатна фармулюць свае жаданні, яны выдатна фармулююць свае каштоўнасці. І ўсё было звязана з чалавечымі пачуццямі – мы хочам нармальнага жыцця, мы хочам годнасці, каб нас не абражалі, мы хочам спакойнага, дастойнага жыцця. Мы такія самыя, як і еўрапейцы, не больш. Але фармулёўкам гэтым я быў здзіўлены, я такога раней так масава не чуў. І вось гэтая новая мова, як толькі яна стала з’яўляцца, гэта быў залаты запас для журналістаў, падыходзь – і ў цябе гатовыя госці ў эфіры.

– Наколькі ў такіх умовах, фактычна халоднай грамадзянскай вайны, актуальныя міжнародныя прынцыпы журналістыкі. Ці цяжка іх прытрымлівацца і ці варта іх заўжды прытрымлівацца ў такіх умовах?

– Я не думаю, што гэта праблема. Ёсць фармат жывога эфіру, дзе задача журналіста забяспечыць магчымасць выказацца людзям. Там не задача баланса, там задача мадэратара спыніць чалавека, калі ён некага абражае ці гаворыць непраўдзівыя рэчы, трэба удакладніць і выказаць сумненні – гэта работа журналіста. З пункту гледжання другіх жанраў пытанне застаецца. Адзінае, што ў Беларусі невыканальнае. Улады не гавораць з незалежнай журналістыкай і не гавораць па вельмі банальнай прычыне, бо яны ведаюць, любы хто паспрабуе сказаць – расплаціцца. Магчыма, ім ёсць што сказаць, але забаронена.

– А вось даваць слова яўным прапагандыстам, прадстаўнікам рэжыму ў незалежных мас-медыя?

– З гэтым ёсць праблема. Я бы сказаў, што тыражыраваць іх не варта. Яны маюць доступ да сваіх сродкаў масавай інфармацыі, усе іх тэксты і думкі выказываюцца ад дзяржаўнага тэлебачання да дзяржаўных газет. Нашы абмежаваныя, у параўнанні з дзяржаўнай прапагандай, рэсурсы ім аддаваць з якой нагоды? Кал б яны не баяліся прыйсці ў жывы эфір – гэта адна справа, можна было б з некаторымі з іх пагаварыць і задаць пытанні, але я думаю, што ўсё ж такі мы павінны даваць слова тым, хто яго не мае.

Цалкам размову слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Беларускае радыё Рацыя