Аляксандр Мілінкевіч: Задача беларусаў свету – не згубіць мову, ідэнтычнасць і нацыю



У выніку беспрэцэдэнтных рэпрэсій беларускага рэжыму пасля выбараў 2020 года па-за межамі Беларусі апынуліся тысячы беларускіх грамадзян.

Разам з іншымі ўдзельнікамі XIX-га Менскага форуму ў Варшаве перспектывы вяртання беларусамі Беларусі акрэсліаў кіраўнік Беларускага Свабоднага Універсітэту Аляксандр Мілінкевіч:

– Не будзе Лукашэнкі, як галоўнага зла, будзе і дабрабыт, і свабода, і Еўропа. Так, гэта сапраўды галоўная перашкода ў нашым руху да свабоды. Самыя вялікія іспыты Беларусь чакаюць, і гэта таксама заданне для новай хвалі дыяспары будзе у той момант, калі сыйдзе Лукашэнка. Тады пачнецца сур’ёзная, адчайная барацьба Крамля за Беларусь. Яны і цяпер змагаюцца. І гэта будзе на фоне сур’ёзнага развалу эканомікі, збяднення людзей. Для Масквы гэта будзе апошні бой за ідэю рускага міру.

Станоўчую дынаміку прытоку, і пры гэтым захаванне беларускасці ў мігрантаў, пацвердзіў выканаўчы дырэктар Беларускага Моладзевага Хабу ў Варшаве Аляксандр Лапко:

– Толькі гуманітарных візаў было выдадзена больш за 8 тысяч, больш 6 тысяч візаў было выдадзена па праграме Poland Business Harbour для спецыялістаў у сферы IT, польска-беларускую граніцу перасекла больш мільёна трохсот тысяч чалавек. У далейшым беларуская дыяспара, якая зарадзілася ў Польшчы, будзе заставацца беларусамі. Наступнае пакаленне маладых беларусаў не будзе станавіцца палякамі, яны застануцца беларусамі.

Паводле спікераў сустрэчы, адна з галоўных праблем – адчужэнне беларусаў ад праблемаў унутры Беларусі і захаванне іх ідэнтычнасці ды гатоўнасці пры першай мажлівасці да актывізму на радзіме.

Беларускае Радыё Рацыя