Аляксандр Пашкевіч: Змены Канстытуцыі стратныя для гістарычнай навукі Беларусі



Менш чым за 2 месяцы да мяркуемай даты рэферэндуму беларусы нарэшце пабачылі новы праект Канстытуцыі, стварэнне і абмеркаванне якога адбываецца ў закрытых прыдзяржаўных колах. Увагу гісторыкаў прыцягнулі дзве новыя фармуліроўкі ў тэксце Асноўнага закону краіны. Гэта артыкул 15, паводле якога «дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды пра Вялікую Айчынную вайну» і артыкул 54, які абавязвае грамадзян Беларусі «праяўляць свой патрыятызм».

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцем Рацыі» – кандыдатам гістарычных навук, шэф-рэдактарам часопіса «Arche» Аляксандрам Пашкевічам пра тое, хто з’яўляецца аўтарам адпаведных паправак у Канстытуцыю, што такое беларускі патрыятызм і ці будзе ўведзена адказнасць за па-заканстытуцыйнае тлумачэнне беларускай гісторыі.

РР: Былі апублікаваныя папраўкі ў Канстытуцыю Беларусі, напэўна вы таксама іх чыталі, і сярод іншага там у артыкуле 15-ым гаворка ідзе пра тое, што дзяржава, калі папраўкі будуць прынятыя, будзе забяспечваць захаванне гістарычнай праўды і памяці пра гістарычны подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На ваш пункт гледжання, вось такі паварот пытання, як ён паўплывае на саму дзяржаву Беларусь, дыскурс гістарычны. Цяпер гэта афіцыйна будзе прызнана, што ўся гісторыя Беларусі бярэ фактычна свой пачатак ад Вялікай Айчынай вайны і перамогі ў ёй?

Аляксандр Пашкевіч: Не ведаю, наколькі гэта будзе афіцыйна прызнана, вакол чаго там круціцца гісторыя Беларусі, але я сам стаўлюся негатыўна да ўнясення ў Канстытуцыю такіх вось палажэнняў, таму што яны вельмі неканкрэтныя і пад іх можна падганяць усё што заўгодна. Мы ведаем, што ва ўладаў паняцце гістарычнай памяці спецыфічнае, яно адрозніваецца ад таго, чаго трымаецца значная частка грамадства, ад таго, чаго, напрыклад, я сам трымаюся. І баюся, што гэта будзе крок да такога заканадаўчага афармлення аднадумства. Такім чынам, калі ты хоць і памятаеш пра вайну і штосьці пра яе глыбока ведаеш, стараешся захоўваць гэтую памяць, але тваё ўласнае бачанне адрозніваецца ад дзяржаўнага, то гэта будзе лічыцца, што ты, маўляў, захоўваеш памяць не правільна. Не бачу ў гэтым нічога станоўчага, тым больш мяркуючы па нашай практыцы, якая апошніх паўтара года распаўсюджваецца, гэта пасля можа знаходзіць адлюстраванне ў артыкулах крымінальнага і адміністрацыйнага кодэксаў, то бок гэта будзе спрыяць насамрэч не выхаванню гістарычнай памяці, а проста з’явяцца чарговыя падставы для рэпрэсій.

РР: У артыкуле 54-ым ідзе гаворка, што праявы патрыятызму, захавання гістарычнай памяці з’яўляюцца доўгам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Ці можам мы казаць пра тое, што нейкая адказнасць будзе ўведзеная за невыкананне такога доўгу, кшталту воінскага доўгу.

Аляксандр Пашкевіч: Безумоўна, ад нашых уладаў у гэтым плане чакаць як раз даводзіцца, што гэта крыміналізуюць. Але самае галоўнае, што гэта абсалютна не канкрэтныя палажэнні. Што значыць «недастатковая праява патрыятызму»? Хто гэта будзе вызначаць? На якой падставе? Якім тэрмометрам або іншым прыборам гэта можна памерыць? Хто дастаткова праяўляе, хто не дастаткова. Усе будзе аддадзена на водкуп нейкіх ідэалагічных цэрбераў, якія на свой лад будуць трактаваць гэтыя паняцці. Скажуць, недастаткова праяўляеш патрыятызм, калі недастаткова любіш Лукашэнку, не любіш, значыць, не праяўляеш патрыятызм. Гэта, мне здаецца, так хутчэй за ўсё і будзе.

Цалкам размова:

З «Госцем Рацыі» кандыдатам гістарычных навук, шэф-рэдактарам часопіса «Arche» Аляксандрам Пашкевічам камунікавала Вольга Сямашка.