Аляксандр Павельчук: Нават прыблізна нельга ўявіць рэальную колькасць наркаспажыўцоў



Сёння – Міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй. Па афіцыйных дадзеных, у Беларусі пражывае амаль 90 тысяч нарказалежных асоб. На медыцынскім уліку, за ўжыванне наркатычных сродкаў, знаходзіцца каля 14 тысяч непаўнагадовых.

Па словах нарколага, старшыні пінскай арганізацыі “Пазітыўны рух” Аляксандра Павельчука – нельга нават прыблізна ўявіць рэальную колькасць наркаспажыўцоў у краіне:

– Вось мы можам прыблізна вызначыць, колькі зараз наркаманаў? Мы ніяк не можам гэтага зрабіць. Ці з’яўляецца наркаманам чалавек, які ўжывае наркотыкі раз на тыдзень? А той, што колецца раз у месяц, ён наркаман ці не? Ёсць багата людзей, якія выпіваюць з заробку і авансу. Ёсць багата людзей, якія колюцца з заробку і авансу. Мы даведваемся, што чалавек наркаман, калі ён пачынае губляць нейкія сацыяльныя ўстоі.

Суразмоўца дадае, што ўзмацненне адказнасці за ўжыванне наркотыкаў прымусіла нарказалежных лепш хавацца і пазбягаць кантактаў з арганізацыямі, якія займаюцца гэтай праблематыкай.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: people.onliner.by