Аляксандр Шышко вызвалены ад пасады намесніка міністра транспарту і камунікацый



Аляксандр Шышко вызвалены ад пасады намесніка міністра транспарту і камунікацый Беларусі. Адпаведная пастанова прынятая Саветам міністраў 23 траўня, паведамляе прэс-служба ўрада.

Як вынікае з дакумента, падставай для звальнення стала „невыкананне абмежаванняў, звязаных з дзяржаўнай службай”.

Пасаду намесніка міністра транспарту і камунікацый Шышко займаў з 8 чэрвеня 2010 года.

Аляксандр Лукашэнка публічна крытыкаваў Мінтранс, выступаючы 24 красавіка са штогадовым пасланнем народу і парламенту.

„У сістэме Мінтранса ўсё часцей узнікаюць пытанні карупцыйных праяў, — заявіў ён. — Неабходна самым кардынальным чынам навесці там парадак, прычым раз і назаўсёды. Я шчыра скажу, што ўжо блізкі да таго, каб Сівака (міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак. — БелаПАН.) адправіць туды ж, куды міністра лясной гаспадаркі (Міхаіл Амельяновіч, які ўзначальваў Мінлясгас, быў звольнены 15 лютага „за непрыняцце дзейсных мер па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамных арганізацыях”. — БелаПАН.). І проста кажу, што ваша міністэрства самым жорсткім чынам знаходзіцца ў цэнтры ўвагі праваахоўнай сістэмы ў цэлым”.  БелаПАН