Аляксандр Талстыка: Надаць званне „Ганаровы грамадзянін Беларусі” Білу Клінтану



На сталічным праспекце, непадалёк ад станцыі метро “Кастрычніцкая” побач з бел-чырвона-белым сцягам луналі сцягі Злучаных Штатаў Амерыкі і Вялікай Брытаніі. Таксама ўдзельнікі выбарчага пікета ад партыі БНФ трымалі партрэт Біла і Хілары Клінтанаў.

Распавядае кандыдат у дэпутаты Аляксандр Талстыка:

– Біл Клінтан зрабіў мужны крок на той час. Прыехаў у Беларусь і сказаў: Мы, амерыканскі народ, гатовы падпісаць Мемарандум аб гарантыях незалежнасці маладой краіне. Да яго далучыліся прадстаўнікі Вялікай Брытаніі. Увогуле Уладзімір Падгол прапанаваў цудоўную ідэю, каб Беларусь зрабіла свята незалежнасці дзяржаўным, уздымаліся сцягі Злучаных Штатаў Амерыкі і Вялікай Брытаніі, і каб прысвоіць званне Ганаровы грамадзянін Рэспублікі Беларусь Білу Клінтану за ягоны ўчынак.

Падчас правядзення пікета кандыдаты ў дэпутаты Аляксандр Талстыка і Уладзімір Падгол спрабавалі перадаць беларускі нацыянальны сцяг, сцягі Вялікай Брытаніі і ЗША разам з партрэтам Біла і Хілары Клінтанаў у Музей беларускай дзяржаўнасці. Аднак выявілася, што той ужо зачыніў дзверы для наведвальнікаў.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелаПАН