Аляксандр Янкоўскі: Эксперты ў 10 разоў палепшылі мне зрок на паперы



Сацыяльна накіраваная дзяржава Беларусь усё робіць для таго, каб скараціць колькасць інвалідаў. Паводле жыхара Бярозы, інваліда 2 групы 67-гадовага Аляксандра Янкоўскага, ён два гады ходзіць па інстанцыях рознага ўзроўню па прычыне незаконнага зніжэння камісіямі экспертызы і рэабілітацыі на 30% страты здароўя на вытворчасці па зроку.

Працоўная пенсія Янкоўскага зменшылася на 150 рублёў, у эквіваленце – на 75 даляраў.

– У мяне правае вока зусім не бачыць. А левае вока бачыць 004. А ў іх атрымліваецца, што я бачу 04.5. Атрымліваецца, што ў 10 разоў я лепш бачу.

Два гады таму Янкоўскі перанёс шунтаванне сэрца, мае шэраг іншых цяжкіх захворванняў. Менавіта пасля аперацыі на сэрцы былі зменшаныя працэнты страты здароўя па зроку. Урачы рэкамендуюць пазбягаць стрэсавых сітуацый, кажа інвалід:

– У мяне такі вялікі стрэс. Я не сплю начамі. Дзякуй, пачынаючы ад Кулагі, медэксперта Берасцейскай МРЭК, і заканчваючы Казакевічам, гэта менская навукова-экспертная камісія. Усе займаюць высокія пасады і пішуць што ім захочацца.

24 красавіка скарга Аляксандра Янкоўскага на высновы дзяржаўнага Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра медычнай экспертызы і рэабілітацы будзе разгледжана ў Менскім абласным судзе.

Цалкам матэрыял у гукавым фармаце:

Беларускае Радыё Рацыя