Аляксандр Ярашук: Думаю, што санкцыі не будуць крытычнымі ў 2022



Якім чынам адбываецца пераслед працоўных за іх актыўную грамадскую і палітычную пазіцыю? Ці вядуцца прафілактычны гутаркі на тэму экстрэмізму? Ці гэта ўплывае нейкім чынам на жаданне эміграваць з краіны?

Адказамі на такія ды іншыя пытанні падзяліўся наш сённяшні „Госць Рацыі” старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук у размове з Алісай Поль:

– Як зараз ацэньваеце настрой працоўных?

– Ведаеце, ён істотна не змяніўся, відавочна, што ён не палепшыўся гэта адназначна, нагледзячы, што заробікі больш-меньш утрымліваюцца на адным узроўні. Але тое што зараз мае месца – шлюць лісты, чорныя спісы з КДБ аб тым, што трэба звальняць тых, хто ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. Тэрор запушчаны, відавочна, што логіка яго дыктуе такія дзеянні. Гэта датычыцца многіх працаўнікоў, не адзінкавыя выпадкі. Гэта датычыцца лепшых працаўнікоў, маладзейшых. Канешне, гэта сур’ёзным чынам уплывае на настроі працоўных.

– На што гатовыя працоўныя, якіх могуць сёння ці заўтра звольніць?

– Я не прагназую, што будзе бліжэйшым часам ці на працягу некалькіх месяцаў. Што гэтыя пратэстныя настроі будуць вылівацца ў нейкія дзеянні ці страйкі, я так не думаю. Тым больш, што эканамічнае становішча не самае горшае, мы ведаем, што прайшлі някепска гэты год – падрос ВУП, падрасла вытворчасць прамысловай прадукцыі, асабліва экспарт, заробкі не ўпалі, а нават падвысіліся рэальныя, гэта той чыннік, які фармуе незадаволенасць і штурхае да нейкіх дзеянняў. Але тое, што гэта не будзе нармальнае функцыянаванне эканомікі, што гэта не будзе спрыяць таму, што той сацыяльна-эканамічны крызіс фармуецца, яшчэ не будзе яго праяў у 2022 годзе, але гэта ўсё па сукупнасці канешне будзе ўплываць на настроі рабочых. Можна казаць, што гэта фармуе непрадказальную сітуацыю, і пры збегу абставінаў гэта можа быць трыгерам да нейкіх сацыяльных катаклізмаў.

– З палітычных матываў ці адчуваецца адток кадраў с Беларусі?

– Гэты працэс няспынны. І мы бачым па статыстыцы, што кожны месяц людзей звальняецца больш, чым прыходзіць на працу. Колькасць занятых у эканоміцы штогод змяньшаецца. Людзі найбольш актыўныя, найбольш кваліфікаваныя, маладыя знаходзяць любы спосаб, каб з’ехаць з краіны, тым больш калі ідзе размова пра тых, хто таксама адчувае небяспеку за свой удзел у акцыях пратэсту.

– У наступным годзе варта чакаць такой жа стабільнасці ў выплатах заробкаў на прадпрыемствах?

– Я думаю, што наступны год будзе больш-меньш спрыяльным. Відавочна, што абвалу эканомікі не наступіла, відавочна, што апошнія месяцы яе рост запаволіўся, але нейкая дынаміка застаецца. І па-другое, на тле ўздыму сусветнай эканомікі, якая выходзіць з локдаўну, выраслі кошты на энерганосьбіты і ўгнаенні і Беларусь з’яўляецца бенефіцыярамі гэтага росту коштаў, плюс субсідыі Расеі. Таму я нават думаю, што санкцыі не будуць крытычнымі ў такой сітуацыі.

Цалкам паслухаць размову можна ў далучаным аўдыёфайле:

Аляксандр Ярашук звярнуў увагу, што ўласна ён пакуль што не бачыць чыннікаў, якія маглі б у наступным годзе выклікаць сур’ёзную незадаволенасць сярод працоўных. Эканоміка трымаецца ў тым ліку за кошт нізкіх цэн на энерганосьбіты.

Беларускае Радыё Рацыя