Аляксандра Мандру пакаралі суткамі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў



Шматдзетны бацька, работнік цацачнай фабрыкі «Палессе» Аляксандр Мандра з Кобрыні быў затрыманы 18 траўня на 72 гадзіны пасля вобшуку на здымнай кватэры. Затрымліваў Берасцейскі ГУБОП, таму мужчыну завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця.

20 траўня а палове шостай вечара суддзя Ленінскага суду Берасця Зміцер Куроўскі пакараў Мандру 15-цю суткамі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, кажа жонка Аляксандра Ірына:

-Яго ў гэты час спецыяльна адпусцілі на вуліцу і дапытвалі ў машыне. Ён не знаходзіўся падчас вобшуку ў кватэры. Гаспадар кватэры, якога мы добра ведаем, расказваў, як усё адбывалася. Пастанова выпісана не на яго імя, пастанова выпісана на чалавека, які прапісаны ў гэтай кватэры. Але яго не чапаюць. Атрымліваецца, што ўсе прэтэнзіі пакуль да майго мужа.

Сябры Аляксандра Мандры адразу сталі збіраць грошы на перадаплату за 15-суткавае знаходжанне ў ізалятары. Па словах супрацоўнікаў ізалятара, інакш акрамя вады, перадачы браць не будуць.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]