Аляксей Кабанаў: Нейкія адказы чыноўнікаў задаволілі, нейкія — не



Больш за пяць гадзін чацвёра берасцейскіх актывістаў абмяркоўвалі ў Міністэрстве прыроды і аховы навакольнага асяроддзя праблемы, звязаныя з будаўніцтвам акумулятарнага завода ў Берасці.

Як паведаміў журналістам удзельнік перамоваў, блогер Аляксей Кабанаў, на сустрэчы прысутнічала 26 прадстаўнікоў розных дзяржаўных ведамстваў. Паводле слоў Кабанава, нейкія адказы чыноўнікаў актывістаў задаволілі, нейкія — не. Актывісты перадалі ў Мінпрыроды калектыўнае патрабаванне аб спыненні будаўніцтва завода па вытворчасці акумулятарных батарэй. Ім паабяцалі прыкладна 15—16 снежня паведаміць вынікі паўторнай экалагічнай экспертызы, звязанай з будаўніцтвам завода.

Да гэтага часу акцыі пратэсту супраць будаўніцтва прадпрыемства ў цэнтры Берасця будуць працягнутыя, падкрэсліў Кабанаў.

Як раней паведамляў БелаПАН, 24 лістапада актывісты грамадскай кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці Дзям’ян Лепясевіч і Дзмітрый Бекалюк патэлефанавалі на прамую лінію, якую праводзіў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык. Падчас размовы міністр запрасіў іх прыехаць у Менск 5 снежня.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца прыпынення будаўніцтва. З 25 лютага брэстаўчане штонядзелю прыходзяць на плошчу Леніна ў абласным цэнтры, каб выказаць свой пратэст супраць будаўніцтва прадпрыемства. Было пададзена больш за 20 заявак на правядзенне мітынгаў, больш за 10 заявак на правядзенне пікетаў, а таксама дэманстрацыі. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю — 29 красавіка.

31 кастрычніка прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што асцярогі наконт будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце некалькі перабольшаныя. „Праект прайшоў усе неабходныя экалагічныя экспертызы, і ў заказчыкаў гэтага прадпрыемства ёсць усе неабходныя дазволы на вытворчасць работ”, — сказаў ён. Пры гэтым Румас лічыць, што падобныя буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі. „Але важна разумець, што гэта ж і рашэнне праблемы занятасці для рэгіёнаў. На гэтых прадпрыемствах нашы грамадзяне змогуць атрымаць працоўныя месцы. Улічваючы, што гэта высокатэхналагічныя праекты, яны змогуць атрымліваць дастойную заработную плату”, — дадаў прэм’ер.

belapan.by