Аляксей Ластоўскі: Унутраная стабільнасць зніжае цікаўнасць да Беларусі
На інфармацыйным партале meduza.io з’явілася рэцэнзія на кнігу Пэра Андэрса Рудлінга «Уздым і падзенне беларускага нацыяналізму».
У ёй расейскі аўтар падкрэслівае, што «беларусаў часцей за іншых абвінавачваюць у тым, што іх нацыя штучная і прыдуманая… Позняе нараджэнне беларускага нацыяналізму зрабіла яго слабым – і ў той жа час самым мірным і грамадзянскім ва Усходняй Еўропе».
Пра тое, што ж меў на ўвазе аўтар кнігі Пэр Рудлінг, і феномен беларускага нацыяналізму, пагутарылі з сённяшнім «Госцем Рацыі» – сацыёлагам, супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Аляксеем Ластоўскім.
Аляксей Ластоўскі напачатку распавёў пра тое, чым прывабіў яго аўтар кнігі Пэр Рудлінг і яго даследаванне беларускага нацыяналізму:
– Апошні раз я сустракаўся з Пэрам у Швецыі, у Лундзе, дзе ён жыве. Тады была якраз сустрэча беларускіх і скандынаўскіх гісторыкаў, то бок мы падтрымліваем кантакты. Перад гэтым мы ў лістападзе сустракаліся ў Сан-Францыска. Ведаю і яго жонку, якая таксама гісторык.
Калі казаць пра Беларусь, пра яе вывучэнне, то даследчыкаў, якія займаюцца прафесійна беларускай гісторыяй, не так і шмат. На гэта ёсць розныя прычыны, пераважна сістэмныя.
Навука таксама залежыць ад кан’юктуры, ад моды. У Беларусі не адбываецца рэвалюцый, усё ціха, спакойна, стабільна, але гэта зніжае інтарэс да нашай краіны. Таму пераважна з розных акадэмічных праектаў Беларусь выключаюць, бо мала хто ёй займаецца. Рэальна тых людзей, якія прысвячаюць сваю прафесійную кар’еру Беларусі, публікуюць артыкулы, манаграфіі, вобмаль.
Пэр усё ж такі напісаў адну з нешматлікіх манаграфій на беларускую тэматыку, ён ужо даўно займаецца рознымі аспектамі гісторыі беларускага нацыяналізму, пераважна па 20-х гадах, але ён досыць шмат піша і пра Другую сусветную вайну, а таксама пра гістарычную палітыку ў Беларусі, пра выкарыстанне гісторыі ўрада Лукашэнкі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з фэйсбук-старонкі Аляксея Ластоўскага
