Аляксей Масеціч: Міліцыянты разумелі, што мы сядзім ні за што



Шмат беларусаў вымушана пераехалі ў Польшчу. У  кожнага свая гісторыя.

Адзін з такіх актывістаў „Госць Рацыі” сябра „Маладога Фронту” Аляксей Масеціч падзяліўся са слухачамі сваёй гісторыяй:

РР: Што вас вымусіла з’ехаць з Беларусі?

Мяне вымусіла бяспраўе, якое чыніцца на Беларусі і просьбы чальцоў маёй сям’і для іхнага спакою – з’ехаць з Беларусі. Яны хваляваліся за мой лёс, мой лёс непасрэдна звязаны з сям’ёй, з матуляй, з бабуляй, дзядулем, ну і астатнімі чальцамі зразумела таксама. Калі мяне прыйшоў затрымліваць ГУБОПік, бярозаўскі аддзел, гэта было 11-га жніўня. Калі да мяне прыйшлі дадому, я доўгі час не адчыняў дзверы. Мяне спрабавалі выцягнуць неяк, дзверы ў мяне моцныя, металічныя, таму гэта не атрымалася. Пакуль чакалі на нейкую машыну дапамогі, то ГУБОПіКаўцы сядзелі ў мяне пад домам, пад пад’ездам, чакалі калі я выйду. У гэты час я апавясціў сваю сям’ю, што чыніцца такое. У гэты час да мяне пад’ехала маці, цётка, пад’ехаў мой дзядуля. Мой дзядуля для мяне самы аўтарытэтны чалавек у жыцці. Ён быў абсалютна нязгодны з гэтым бяспраўем, так ён гэтым ГУБОПіКаўцам і казаў. „Што гэта такое, хлопец нічога не зрабіў, вы прыходзіце да яго дадому, забіраеце яго з дому”. Канешне ён казаў, што гэта метады горш, чым у Гестапа, тое чым яны займаюцца. Ён памятае вайну, ён 1932 года. Калі я выйшаў пасля сутак, а сутак мне далі няшмат. Мне ўвогуле далі толькі штраф, я адседзеў толькі адны суткі ў камеры пастарунку міліцыі. У мяне з’явіліся думкі, што я не хачу больш бачыць, што мая сям’я так хвалюецца за мяне.

РР: Колькі далі штрафу?

– Я нават не памятаю. Суд быццам бы прайшоў, сума была невялікая, але я нават не ведаю, што там далей з гэтым штрафам сталася. Ці выплаціла яго мая сям’я, бо я нічога не плаціў.

РР: Вы не прысутнічалі ў судзе?

– У судзе я быў, але суд быў такі, што толькі на хвілінку запрасілі ў кабінет. Было нейкае незразумелае, зусім неабгрунтаванае абвінавачанне мне прад’явілі. ГУБОПіК да мяне прыходзіў і затрымліваў мяне за арганізацыю мерапрыемстваў.

РР: Рабілі вобшук?

– Не рабілі, што вельмі дзіўна. Я ўжо разумею, чаму так сталася. У мяне ў сям’і ёсць вельмі аўтарытэтныя людзі, якія за мяне заступіліся. Я разумею чаму мяне потым хутка выпусцілі і чаму для мяне ўсё скончылася больш-меньш добра. За мяне заступіўся мой дзядуля, які доўгі час быў кіраўніком бярозаўскіх электрасетак. Кавальчук Аляксей Мікалаевіч – гэта чалавек, якога ведае ўся краіна. Яны напэўна папрасілі, каб мяне адпусцілі, але каб я нідзе не ўдзельнічаў. Потым за мной сачыла машына.

РР: Што можаце сказаць пра ўмовы ў якіх вы сядзелі.

У параўнанні са словамі маіх знаёмых, якія сядзелі на Акрэсціна, то ў Бярозе ўмовы былі боль-меньш нармальныя. Адзінае – гэта тое, што ў нашай камеры, якая была разлічана на 8 чалавек, было каля 20-ці чалавек. Але нам перадалі ваду, якую прывезлі сваякі, цыгарэты таксама перадалі. Скардзіцца няма на што, я так лічу. Горад маленькі і нашыя бярозаўскія міліцыянты разумелі, што мы сядзім ні за што, таму хаця б ад родных і сваякоў трэба прымаць перадачы.

Цалкам гутіарку слухайце з далучаным файле:

З „Госцем Рацыі” размаўляла карэспандэнт Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя