Аляксей Шота: Просім дапамогі ў чытачоў



Гарадзенскае выданне Hrodna.life звяртаецца па дапамогу да чытачоў. Сума штрафу вялізная, яе немагчыма заплаціць з уласных сродкаў, таму рэдакцыя звярталася ў суд па растэрміноўку.

Кажа галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота:

– Да канца траўня фактычна мы павінны выплаціць штраф – 11 тысяч 600 рублёў рэдакцыя, і 725 я, як фізасоба, як рэдактар. Спрабавалі ўзяць гэты штраф у растэрміноўку, папрасілі ў раённага суда даць растэрміноўку, бо гэта наша права. Суд адмовіў, прытым вельмі дзіўна, быццам бы на меркаванне суда, мы мелі спачатку выканаць усе магчымыя ўмовы, каб сплаціць гэты штраф. То бок максімальная сума, якая ёсць, сплаціць, узяць крэдыты, правесці нейкі сход заснавальнікаў, каб магчыма заснавальнікі скінуліся грашыма. Суд палічыў, што мы недастаткова шмат зрабілі, таму не заслугоўваем на растэрміноўку.

Дапамагчы выданню можа кожны грамадзянін Беларусі:

– Зараз, каб сплаціць штраф, мы просім дапамогі нашых чытачоў. На сайце, наверсе ў нас ёсць такі банер, падтрымай Hrodna.life. Можна праз дамову дарэння нам падарыць невялікую суму – ад 5 да 140 рублёў. Кожная фізасоба, толькі з беларускіх картак мы прымаем, каб усё было празрыста, ад грамадзян Беларусі. У нас зараз ёсць каля 5 тысяч рублёў вольных. Тое, што мы зарабілі, адклалі, назбіралі, частку гэтых грошай нам падарылі чытачы.

Калі штраф не будзе сплачаны, то выданне могуць закрыць і прызнаць банкрутам. Каб сплаціць штраф – трэба зайсці па адмысловай спасылцы hrodna.life.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня