Аляксей Яротаў: Адраджаем на Гарадзеншчыне філію геаграфічнага таварыства



Беларускае геаграфічнае таварыства мае даўнюю гісторыю, толькі пад іншай назвай, гісторыя сягае да ХІХ стагоддзя. Цяпер жа, таварыства перажывае час абнаўлення і паглыблення ў сучасных рэаліях эканомікі, экалогіі, аховы ландшафту.

Адмысловы Госць Рацыі, старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксей Яротаў, пазнаёміў з перспектывамі дзейнасці арганізацыі, якая доўгі час была нібы ў цені. З госцем  пагутарыў наш карэспандэнт Якуб Сушынскі.

РР: У гісторыі, у кінематографе прынята лічыць, што геаграфічнае таварыства – гэта такое шляхетнае аб’яднанне, дзе збіраюцца самавітыя людзі, якія вандруюць па Афрыцы, прывозяць нейкія цікавыя артэфакты. Усцешана гляджу, што і ў нас, у Беларусі, паволі адраджаецца інтарэс да вывучэння геаграфіі. Ці гэта навінка для нашага рэгіёну, ці на Гарадзенскай зямлі былі калісьці такія таварыствы?

Аляксей Яротаў: Па-першае, геаграфія на самой справе гэта такая шляхетная прафесія і шляхетнае прызванне. І сярод беларусаў былі вядомыя-вядомыя шляхетныя асобы, такія як Дамейка, Карскі, Чэрскі. Людзі, якія даследавалі і Расею, і Паўднёвую Амерыку, і Альпы. І людзі, якія і сёння даследуюць. Сям’я Лабко даследавала ўсе дзеючыя вулканы Еўразіі і паднялася на гэтыя вулканы разам са сваімі двума маленькімі дзеткамі. Ёсць людзі, якія працуюць у Афрыцы, напрыклад, Максім Корхаў, наш географ, які на Занзібары даследуе звычаі мясцовых жыхароў. Ёсць экспедыцыі, якія сёння працуюць у Антарктыдзе. Наша антарктычная экспедыцыя, якую ўзначальвае Аляксей Гайдашоў, і сёння працуе, даследуе ваколіцы беларускай антарктычнай станцыі. У планах і арктычныя экспедыцыі. Але адносна таго, што мяне прывяло на Гарадзенскую зямлю, то, па-першае, геаграфічная рэспубліканская алімпіяда, якая праходзіць у Гародні. Па-другое, сход суполкі пры Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце, рупліўцаў геаграфічнай прасторы, якія хочуць аднавіць існаванне Геаграфічнага таварыства ў Гародні. Яно тут існавала ў 50-60 гады. Але спыніла сваю дзейнасць. І ў нашых планах аднавіць гэтую працу, і зрабіць гэтую адзінку геаграфічнага таварыства дзеючай. І ў Гарадзенскай вобласці павінен з’явіцца свой аддзел Беларускага геаграфічнага таварыства.

Цалкам размова:

Рамаўляў Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя