«Алё, міліцыя? Сцяг у мяне». Расейца асудзілі за крадзеж беларускага дзяржаўнага сцяга



7 снежня суддзя Астравецкага раёна Дзмітрый Багдановіч вынес прысуд у дачыненні да грамадзяніна Расейскай Федэрацыі Дзмітрыя Гуртавога. Яго абвінавацілі па 370 артыкуле Крымінальнага Кодэкса Беларусі (“Здзек з дзяржаўных сімвалаў”). Падставай для ўзбуджэння справы стала тое, што ў адзін з чэрвеньскіх вечароў, вяртаючыся з прагулкі, ён зняў разам з дрэўкам сцяг Рэспублікі Беларусь, які мацаваўся на сцяне памяшкання Упраўлення працы і сацыяльнай абароны Астравецкага райвыканкама, і аднёс дадому.

У судзе Дзмітрый Гуртавы патлумачыў свае дзеянні тым, што ён любіць гэты сімвал, таму вырашыў упрыгожыць ім памяшканне па месцы жыхарства.

Як высветлілася, ніхто з прысутных у судзе сведкаў працэсу зняцця сцяга не бачыў, а сам сцяг належыў прыватнай асобе. Яшчэ адна цікавая падрабязнасць: пасля свайго учынку падсудны сам патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што сцяг у яго дома.

Следства, пракурор і суд кваліфікавалі дзеянні Дзмітрыя Гуртавога як здзек з дзяржаўнага сімвала. З гэтай фармулёкай, дарэчы, пагадзіўся і сам падсудны. Таму па артыкуле 370 Крымінальнага Кодэкса Беларусі яму прызначылі пакаранне ў выглядзе двух месяцаў арышту. Паколькі падсудны быў затрыманы 22 кастрычніка, то акурат да ўступлення прысуду ў законную сілу ён адбудзе сваё пакаранне.

spring96.org